Данецк, фота Reuters

Данецк, фота Reuters

Наплыў украінцаў непрыкметна пачаўся неўзабаве пасля першых забойстваў пратэстоўцаў на Майдане. У першыя месяцы 2014-га некаторыя грамадзяне Украіны палічылі за лепшае з'ехаць, і нямала з іх – у Беларусь. Людзі прадавалі кватэры ў гарадах Украіны і набывалі жытло ў Беларусі, не верачы, што ў іх на Радзіме мір і спакой наступяць настолькі хутка, наколькі ім бы хацелася.

Хто гэтыя людзі? Якой стабільнасці яны пачалі шукаць тут задоўга да пачатку вайны на Данбасе? Прыхільнікі Януковіча, спачуваючыя бацьку «беларускага парадку» Лукашэнку, адэпты Пуцінскай ідэі «рускага свету», якіх на прасторах інтэрнэту клічуць папросту «ватнікамі»?

Верагодна, усе згаданыя прысутнічалі. У той жа час, можна толькі здагадвацца, чаму іх выбар выпаў менавіта на нашу краіну, а не на Расію, дзе цэны на жытло ў правінцыі ніжэйшыя за мінскія.

Тым часам перамены ў паўднёвых суседзяў закранулі і жыццё многіх беларусаў, адбіўшыся, акрамя ўсяго іншага, часам і на пытаннях, звязаных з нерухомасцю суайчыннікаў… Вось некалькі чалавечых гісторый — кропля ў моры з тых, што мелі месца ў Мінску за апошні год. У іх усё праўдзівае, акрамя змененых імёнаў герояў.

Вялікая жылплошча як трагедыя

Яму гадоў 20. Нервовы худы твар. Лёгкая ўсмешка, калі вітаецца з незнаёмымі, але ў вачах мільгае падазронасць. Такія хлопцы цяпер недзе ў войску — альбо так званых апалчэнцах. Але ён абраў іншы шлях.

Мікола — з Данецка. І ўсе яго сваякі — з Данеччыны. Ён з бацькамі жыў у самім горадзе, дзяды з бабулямі, цёткі, стрыечныя — у ваколіцах. Палітыкай яны не дужа цікавіліся, «тыповыя абывацелі», кажа ён і хмурнее, прымаўкаючы на хвіліну. Магчыма, шкадуе, што мала разбіраўся ў падзеях і не адразу зразумеў ступень іх небяспечнасці.

З пачаткам лакальнай вайны вакол «ДНР» жыць стала страшна, і ўсе сваякі Міколы вырашылі сабрацца разам, бліжэй адно да аднаго. Прыехалі да яго бацькоў, у іх кватэра была самая змястоўная. Аднойчы, калі Мікола выправіўся па прадукты (частка крам працавала), менавіта ў тую самую змястоўную кватэру трапіў снарад. Па прыходзе хлопец застыў на месцы, не верачы вачам: палова пад'езду была проста знесеная. Не выжыў ніхто. 

Ехаць у Беларусь ён не думаў, але яго паклікалі сябры бацькоў, з якімі сям'я некалькі гадоў перапісвалася. Пазнаёміліся шмат гадоў таму выпадкова, на адпачынку ў Крыме. Сем'і пасябравалі, раз-пораз плаваналі сумесны адпачынак, сустракаліся дзе-небудзь на моры. Мікола вырашыў прыняць прапанову гэтых людзей уцячы ў Беларусь — ва Украіне радні не засталося.

Ці не хацелася яму пайсці ваяваць, каб адпомсціць? Кажа, розныя былі думкі напачатку. Толькі не хочацца яму цяпер гаварыць з чужымі пра свае здагадкі, пра тое, чый жа быў той ракавы снарад…

Сябры сям'і-мінчукі дапамаглі атрымаць дакументы. Нейкі час жыў у іх, але ж не вечна, калі гаспадарам самім цеснавата. Як уцекачу Міколу прапанавалі жытло на вёсцы, не вельмі далёка ад Мінска. Гэта была маленькая службовая кватэрка на час працы ў саўгасе. Спачатку заробак у 2 мільёны здаваўся маннай нябеснай, але хутка захацелася лепшага, і працу хлопец змяніў. Зразумела, з вясковай кватэркі яго тут жа вытурылі. Здымаць кватэру ў сталіцы Мікола не мог сабе дазволіць, бацькоўскіх сяброў прыцясняць не жадаў. Але тыя яго не кідалі — дапамаглі знайсці працу на заводзе і зняць аднапакаёўку побач з горадам, амаль адразу за МКАД.

Мікола задаволены. Галоўнае, кажа, што жывы, здаровы і працуе. Вяртацца ва Украіну не збіраецца, наадварот, хоча стаць грамадзянінам Беларусі. Пакуль Украіна для яго як страшны сон. Магчыма, дадае ён, час лечыць, потым адчуванне будзе іншым.

Нехта параіў дзеля грамадзянства пашукаць варыянт фіктыўнага шлюбу. Што цікава, такі варыянт знайшоўся, але дамовіцца пра дэталі хлопец і дзяўчына не паспелі — каханне здарылася нечакана для абодвух. На момант напісання гэтага матэрыялу ўжо мусіла адбыцца вяселле.

З гасцей запрашалі сяброў сям'і, якія яго выцягнулі з Данбасу, і некалькіх сябровак…

— Бо і яна таксама круглая сірата, — перапыняе пытанне Мікола.

Ён ўпэўнены, што маладую сям'ю чакае ў Беларусі шчаслівая будучыня.

Слухаючы яго, чамусьці не хочацца прамаўляць ні парадаў, ні перасцярог. Няхай будзе ўпэўнены.

Канвертацыя лецішча ў Крым

Мужчыне гадоў каля сарака. Ён напружана азіраецца па баках, нібы чакаючы небяспекі. Не, ён не з Украіны, ён як раз беларус. Хаця так, нядаўна давялося праехаць паўз Славянск, калі там было не вельмі ціха.

Мы гутарым на аўтобусным прыпынку, а потым паўгадзіны да майго дэстынейшэна.

Калі я выходжу, ён таропка суне мне ў кішэню паперку з нумарам тэлефону і доўга махае ў вакно.

Антон паспявае распавесці некалькі страшнаватых гісторый, у палову дэталяў якіх верыцца з цяжкасцю. Потым высветліцца, што нездарма, што нешта «не сыходзіцца», а значыць, з нейкай прычыны стойваецца. Тым не менш, асноўная канва гісторыі пацвердзілася. 

Антон прадае лецішча і думае прадаць гараж. Хай бы, кажа, і былі сабе, але — дзеля крымскай радні. 

У Крыме жыве яго сястра, калі можна назваць гэта словам «жыццё», бо час ад часу яна тэлефануе і плача. Яе муж і сын з пачаткам анексіі паўвыспы патрапілі ў турму. Што рабіць, яна не ведае.

Не, пляменнік і швагер Антона зусім не анёлы, прызнае ён і распавядае, што не ведае, хто там быў за каго, але мужыкі ўмудрыліся заняцца гандлем зброяй. Міжнародным, як у кіно. Крута? Ды не крута, а глупа, кажа Антон, рассякаючы далонню паветра. Нечакана ён прызнаецца, што падчас заварухі з уварваннем «зялёных чалавечкаў» сёй-той нацягаў зброі з украінскіх вайсковых частак і стаў прадаваць «чалавечкам». І гэта ж трэба, тыя іх пазбавілі волі… Тут, аднак, магчымыя варыянты, дзе канкрэтна знаходзяцца арыштанты, калі іх стан настолькі юрыдычна «падвешаны». У крымскай турме — альбо?..

Антон не хоча ні пацвярджаць, ні абвяргаць здагадкі. Ён толькі выказвае ўпэўненасць, што зможа выцягнуць сваякоў з дапамогай грошай. Вядома ж, расійская сістэма, якую нарэшце дачакаліся крымчукі, наскрозь «как дышло». Якая ўдача. 

Пару разоў ён усё ж мільгам прыгадвае Данбас, дзе ўвесну быццам бы ледзь не загінуў і страціў блізкага сваяка. Але на пытанні пра гэта адказваць не жадае і, падобна, ужо шкадуе аб сваіх словах. І я не кажу яму, што ніякага сваяка ён там не страчваў, той памёр, як кажуць мае крыніцы, нашмат раней. Інтуіцыя — страшная рэч, і яна падказвае, што далей Антон не скажа ні слова. Проста з'едзе некуды на паўднёвы усход. 

Так і здараецца. Прадаўшы лецішча і гараж, Антон знікае, і ягоныя тэлефоны перастаюць адказваць на некалькі месяцаў запар, і ніводная душа не ведае, да якой кропкі на карце Украіны ён дабраўся. Ці ўдалося чалавеку дапамагчы сястры, ці жывы ён сам, невядома таксама. Некаторыя рэчы ў яго атачэнні падаваліся небяспечнымі, але ён толькі адмахваўся: «Усё прымхі, зямлячка».

Апартаменты на моры ў абмен на кабанчыка

Андрэй — яры аўтамабіліст. Ён любіць машыны і ездзіць паўсюль толькі на іх. Ён перасоўваўся за стырном па тэрыторыі паловы краін Еўропы. Ягоная сям'я ніколі не ведала, што такое бронь квіткоў на цягнік ці самалёт.

Апошнія гады часцей за ўсё яны вандравалі па Балгарыі ды суседніх з ёю краінах. І не проста так. Напрыглядаўшыся ўволю, урэшце Андрэй набыў долю ўласнасці ў трохзоркавым гатэлі на чарнаморскім ўзбярэжжы. Кажа, чалавек ён не тое што зусім багаты — некалькі суўласнікаў там было.

— Цяпер вось прадаём свой гатэль, — са скрухаю кажа Андрэй. — Шкада. Але няма як цяпер туды ездзіць машынаю. І цягніком таксама няма як.

— Як няма цягніка? А летні варненскі? — мне спачатку падаецца, што суразмоўца з тых, хто пабойваецца лятаць самалётамі. Ёсць такія людзі.

— Ды страшна цяпер праз Украіну ездзіць і дзяцей-унукаў вазіць! — раптам выдае Андрэй. — Зірніце, што там творыцца!

Гэта, аднак, гучыць не вельмі ўпэўнена. 

Заўвага, што «творыцца» не па шляху ад Беларусі да Балгарыі, а на супрацьлеглай частцы Украіны, Андрэя не заспакойвае. Хто ведае, як пойдзе далей, недаверліва матляе галавой ён.

Ужо, кажа, позна перадумваць, пакупнік знойдзены. Хто ж ён? Грамадзянін Расіі.

Балгарыя больш папулярная за Крым у расіян, калі яны хочуць з'ехаць і жыць на моры ў неваюючай краіне.

Развітаўшыся з гатэльчыкам, сям'я Андрэя вырашае, што пакуль трэба сядзець у Беларусі і паменш адпачываць. Альтэрнатыву гаспадар знаходзіць ў вясковай хаце каля лесу і рэчкі. Ён ловіць рыбу і збірае грыбы. На выпадак крызісу яны з жонкай планавалі гадаваць курэй і пару япрукоў. Не здзіўлюся, калі іх планы ўжо рэалізаваныя канчаткова. Рашучыя людзі. 

Замест эпілогу

Войны і рэвалюцыі заўсёды нясуць у сабе шматлікія нюансы, датычныя нерухомасці, якія б ідэі не кіравалі сучаснай гісторыяй. Што данецкаму рынку нерухомасці магчымы гамон, было ясна з вясны. Не нашмат лепш і крымскаму: дамкі ў 10 км ад мора, з газам, транспартным звязкам з пляжамі і гарадамі, што каштавалі параўнальна з такімі ж у Мінскім раёне, падаражэлі на 20-30%. Астатнія віды нерухомасці таксама, прытым перспектывы рэгіёну застаюцца няяснымі.

Частка рыэлтараў яшчэ пад мінулы Новы Год ухітралася знаходзіць кліентаў з Украіны, што жадалі набыць жытло ў Беларусі, часам «каб было», але часцей для пераезду. У большасці выпадкаў дзеля здзелак тут нешта прадавалася на Радзіме.

Настроі ўладальнікаў нерухомасці ў Беларусі змяняліся таксама на вачах, паралельна з развіццём падзей у суседзяў. Скажам, частка гаспадароў вясковых хат ды лецішчаў, паглядзеўшы навіны, увосень мучылася здагадкамі, што будзе ў краіне вясной. Бо хто ведаў некалі, што будзе праз зіму ў Луганску і Данецку?

«Мы ўжо двойчы знаходзілі пакупнікоў на свой дамок, дзе любілі бавіць лета і сеяць грады, — распавядае кабета сталага ўзросту з Мінска. — Так, кошт хаткі трохі завышаны, і думалі трохі саступіць, але нешта торкнула — не саступілі ні капейкі. А пакупнікі былі рэальныя». І тут жа тлумачыць: то не было пачуццё, што з маёмасцю шкода расставацца, нярэдкае ў такіх выпадках для гаспадароў… Што ж тады?

«Складаная міжнародная абстаноўка зараз, — раптам прызнаецца жанчына. — Вось што замінае прадаваць. Слухайце, ну а калі вайна? Як будзе выбрацца з цэнтру горада? Куды? Можа, гэты просты пограб, — яна абводзіць шырокім жэстам усе свае гаспадарчыя пабудовы, да апошняга хляўчука, — калі-небудзь уратуе нам жыццё? Ніхто таго не ведае! Вось вы ведаеце?…»

Яна прыгнечана замаўкае.

Я ведаю толькі адно: што частка Украіны пасялілася не толькі ў беларускай нерухомасці. Яшчэ і ў беларускай падсвядомасці. У кожнага па-свойму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?