Увосень 2013 года тры аніматары з Манрэаля (Канада) распачалі на краўдфандынгавай платформе Kickstarter кампанію па зборы сродкаў на кароткаметражны мультфільм «Le Gouffre» («Прорва»).

Праект яны называлі сваім самым амбіцыёзным — мастакі засвойвалі новую тэхніку анімацыі, а разам з тым распавядалі натхняльную гісторыю. Вынік уражвае.

Два вандроўнікі прыходзяць да каньёну, які не абысці і не пераскочыць. Яны вырашаюць збудаваць мост. Іх задума здаецца немагчымай.

Такім жа немагчымым здаваўся мультфільм, над якім аніматары працавалі са студзеня 2012 года па люты 2015-га. На «Прорву» яны назбіралі толькі меней за 25 тысяч даляраў — але тое было ў 5 раз болей за запатрабаваную суму. І яна была патрэбная адно на аплату агучкі (хай у мультфільме і амаль няма слоў) і музыкі. Аб стварэнні мультфільма аўтары знялі асобнае кароткае відэа.

Мультфільм цяжка назваць камерцыйным — стваральнікі спадзяюцца на фестывалі альбо распаўсюд праз інтэрнэт. Яшчэ да выхаду поўнай версіі «Прорва» сабрала ўзнагароды на анімацыйных і кінафестывалях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?