Падатковы кодэкс Беларусі прадугледжвае, што ў пэўных выпадках пазыкі, крэдыты, узятыя фізасобамі, могуць абкладацца падаходным падаткам. Адпаведныя папраўкі ўступілі ў сілу з 1 студзеня 2015 года. У Міністэрстве па падатках і зборах растлумачылі, у якіх выпадках давядзецца плаціць падаходны падатак з пазычаных грошай.

smartfinans.ru

smartfinans.ru

Гаворка ідзе аб пазыках, крэдытах, што былі атрыманы ад іншых фізічных асоб, якія не з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, ад замежных арганізацый, што не ажыццяўляюць сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі праз пастаяннае прадстаўніцтва, а таксама ад замежных ІП.

Але гэта не значыць, што цяпер плаціць падатак давядзецца нават у тым выпадку, калі пазычыў у суседа да зарплаты. «Падаткаабкладанне датычыцца толькі тых грамадзян, якія па патрабаванні падатковых органаў павінны прадставіць дэкларацыю аб даходах і маёмасці. Напрыклад, чалавек ажыццяўляў дарагія пакупкі (нерухомая маёмасць, аўтамабіль і гэтак далей), але пры гэтым атрымліваў невялікую заработную плату або зусім не меў даходаў. Калі ў дэкларацыі аб даходах і маёмасці ён пакажа, што рабіў гэтыя пакупкі за кошт пазыкі ў іншай фізічнай асобы, то з гэтай сумы яму трэба будзе заплаціць падаходны падатак», — расказалі ў прэс-цэнтры МПЗ.

Важна, што дэкларацыя аб даходах і маёмасці прадстаўляецца толькі тымі фізічнымі асобамі, якім накіравана адпаведнае пісьмовае патрабаванне падатковага органа, падкрэслілі ў ведамстве. Падатковыя органы запатрабуюць дэкларацыі ў тых, хто, паводле даных МПЗ, жыве «не па сродках»: не атрымлівае даходаў з афіцыйных крыніц або атрымлівае іх у нязначных памерах, але пры гэтым купляе дарагую нерухомую маёмасць, транспартныя сродкі, а таксама ажыццяўляе іншыя фінансавыя аперацыі.

Падаходны падатак падлягае выплаце у трыццацідзённы тэрмін з дня атрымання паведамлення ад падатковага органа. Стаўка падатку складае 13%.

У МПЗ звярнулі ўвагу: Падатковым кодэксам прадугледжана, што пры поўным пагашэнні пазык, вяртанні крэдытаў выплачаны падаходны падатак падлягае залічэнню або вяртанню. Для гэтага неабходна падаць заяву і дакументы, якія пацвярджаюць поўнае пагашэнне, вяртанне грошай у падатковы орган па месцы пастаноўкі на ўлік. Падаходны падатак будзе залічаны або вернуты на працягу месяца.

«Разам з тым пры пагашэнні (вяртанні) пазык, крэдытаў за кошт сродкаў, атрыманых на зваротнай або ўмоўна зваротнай аснове ад асоб, пераразлік падаходнага падатку не ажыццяўляецца і падатак вяртанню (залічэнню) не падлягае», — дадалі ў прэс-цэнтры міністэрства.

Не абкладаецца падаткам названая ў дэкларацыі пазыка, калі яна атрымана ад блізкага сваяка: у мужа ці жонкі, бацькоў (усынавіцеляў), дзяцей (у тым ліку ўсыноўленых, удачароных), родных братоў і сясцёр, дзядуль, бабуль, унукаў, ад блізкіх сваякоў жонкі ці мужа. 

Падаходны падатак не вылічваецца з сум пазык, атрыманых ад беларускіх арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама крэдытаў, атрыманых у беларускіх банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых установах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?