Я гляджу не 100% рэпертуара Купалаўскага, але каля 85%, і ў маім асабістым рэйтынгу апошніх гадоў спектакль «Тата» заняў першае месца. (На другім — «Вяселле» ці «Беларусь у фантастычных апавяданнях».)

Спектакль — родны, шчымлівы, філасофскі, містычны, з нацыянальным ухілам (даруйце каструбаваты эпітэт). З аднаго боку, паказаны код з беларускай родавай памяці — «бацька, хата, студня». З іншага — гэта не «мужык-беларус» гатунку 1905 года, а авангардная пастаноўка.

Дадаць фантастычную сцэнаграфію і выдатную ігру акцёраў — на дзве гадзіны паглыбляешся ў іншысвет.

Як гэта водзіцца ў нас, на такі спектакль было мала рэцэнзій.

Прычым на сайце «Будзьма» была адмоўная. Яе аўтар за хвоямі не бачыць лесу. Ён засяроджваецца на другасным: цынкаванае вядро на сцэне занадта новае, мэбля а-ля «Пінскдрэў» правінцыйная, вадкае мыла на вясковым рукамыйніку недарэчнае. Я таго мыла нават не заўважыў, і мне больш да душы Гамлет у выкананні Уладзіміра Высоцкага — у джынсах і вадалазцы, чым у рэканструяваных строях часоў Шэкспіра. Калі спектакль «зацягвае», дробязь неістотная.

Магічную дзею з сухога тэксту робіць тут сцэнаграфія — праца рэжысёра, аўтара музыкі і галоўнага мастака.

Скарыстаны трохэкранны «заднік», на які праектуецца чорна-белае эмацыйнае відэа. Музыка пасуе дзеі, стварае разам з відэа адпаведны настрой.

Задзейнічаныя падлога, якая апускаецца, і платформы, што рухаюцца, — і ўсё дарэчы. У фінальных сцэнах, калі на тры плоскасці праектуецца зорнае неба і запускаецца штучны дым — ствараецца ўражанне, што мы плывём недзе ў космасе, па Зорным шляху…

П'еса Дзмітрыя Багаслаўскага — выдатная. Цешыць, што гэта наш суайчыннік.

Калі глядзеў пастаноўку, мне прыгадаўся твор Андрэя Федарэнкі «Ціша». Там, як і ў п’есе, падымаецца тэма: чаму здараецца, што сваякі становяцца горшыя за чужых.

Тэма «бацька-сын» у спектаклі ўзнятая шчыра і далікатна.

Раман Падаляка сыграў сына Сашу арганічна і праўдападобна, што б ні казаў будзьмаўскі рэцэнзент. Аўтар п’есы зрабіў яго вайскоўцам, каб паказаць доўгую адсутнасць дома, але Саша не «салдафон» бяздушны. Роля Таты найгалоўная ў п’есе, і Генадзь Аўсяннікаў таксама грае яе бліскуча.

І яшчэ адзін момант: толькі мы, беларусы, можам ацаніць апавяданне Паўла Касцюкевіча пра ашмянскіх бабулек-кантрабандыстак. Таксама і гэты твор Багаслаўскага блізкі толькі нам, якія жылі штолета на канікулах у драўляных хатах у бабуль і дзядуль і пілі ваду са студняў.

Спектакль не заклікае, не вучыць, што рабіць ці чаго не рабіць.

Ён паказвае нам нас. Спектакль падобны да моцных, але жыццёва небяспечных лекаў. Калі прыняць раз — падзейнічаюць, калі некалькі разоў запар — могуць забіць чалавека. Так і другі (ці трэці) прагляд заб’е ўражанні, застанецца ў душы, як у крытыка, што ў вясковым рукамыйніку непраўдападобна глядзіцца вадкае мыла.

* * *

«Тата» — спектакль Купалаўскага тэатра паводле п’есы Дзмітрыя Багаслаўскага «Ціхі шоргат сыходзячых крокаў». Прэм’ера была ў кастрычніку 2014.

Рэжысёр — Кацярына Аверкава (у Купалаўскім ставіла спектаклі «Зіма» і «Офіс»).

Дэкарацыі — галоўны мастак тэатра Барыс Герлаван. Музыка — Мацей Сабураў.

Паводле сюжэта, былы вайсковец Аляксандр (Раман Падаляка, Сяргей Рудэня) вяртаецца пасля смерці бацькі (Генадзь Аўсяннікаў, Генадзь Гарбук) у родную хату.

Сёстры Аляксандра хочуць прадаць будынак. Галоўны герой супраць. Аляксандр спрабуе разабрацца, ці любіў яго бацька, які нават пасля смерці прыходзіць да яго ў снах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?