Часта можна пачуць выразы «ў наступным годзе», «у мінулым годзе», «у гэтым годзе», «на наступны дзень» ці «ў наступным тыдні» і г. д. Выразы гэтыя прышлыя, не беларускія. 

А як казаць у гэтым выпадку? Вось, напрыклад, у Купалы гэдак:

Вы, другі верныя, ганцы,
Як летась, сёлета, налета
Ўсе пагранічныя капцы
Абходзьце зноў з маім прыветам. («На Куццю»)

Усе гэтыя словы ёсць у акадэмічным тлумачальным слоўніку, іх ужываюць native-speaker’ы, пісьменнікі і паэты. Мала таго, што выразы гэтыя жывыя — яны і проста зручнейшыя за тыя новыя, што павырасталі бы пустазелле на тратуары.

Заміж «летась» можна іншы раз сказаць «той год». Гэты выраз ужываецца без прыназоўніка, што сведчыць аб яго даўніне. Мовазнаўцы называюць такі спосаб Accusativus temporis — вінавальны часу. Так можна казаць і пра ўсякі акрэслены год у мінуўшчыне.

Той год быў нечуваны голад. Летапісцы, якія выжылі, перажылі яго, запісалі: «Быў вялікі паморак на Белай Русі». (Янка Сіпакоў, «Паморак»)

Прафесар Янкоўскі, наш выбітны мовазнаўца, у сваім фразеалагічным слоўніку падае яшчэ і такі прыклад:

  • ТЫЯ ГАДЫ. Бывала, раней — як неакрэслены мінулы час: і некалькі гадоў, і дзясяткі гадоў таму назад, за памяццю (таго, хто расказвае).

Тыя гады ў Крацкоў [касіць сена] ехалі з таранамі ды з квасам, вады людскае не бачылі, руду адну пілі. Гл. р., Кл. Тыя гады на Юр'я хадзілі расу калаціць. Тамсама. Тыя годы ў Бабрусак [Бабруйск] на кані ездзілі. Хіба язда? Толькі туды і назад двое сутак. Гл. р., Вольн. Абшчыпалі мальцы ноччу ўсе грушы. Тыя гады ў мяне сабака быў, дык баяліся, дужа лоўкі сабака быў. Леп. р., Ст. Леп. (Хрэстам.).

А калі нам трэба пра будучыню — то можна сказаць «на другі год». Гэты ўзор вельмі зручны, бо так можна казаць як пра будучыню («гэта хай на другі год застанецца», «яна на другі год ужо вучыцца скончыць»), так і пра будучыню ў мінуўшчыне:

На другі год раптам, у адзін светлы дзянёк, Лявон зусім змяніўся, зрабіўся іншым чалавекам, як бы ад яго адышлі «злыя чары»: пачаў гаварыць з людзьмі. (Змітрок Бядуля «Дванаццацігоднікі»)

Гэтыя канструкцыі можна пашыраць, развіваць на ўсякі спосаб: «той тыдзень», «на трэці год», «на другі дзень», «на другі тыдзень». «На другі дзень» можна інакш сказаць «назаўтра»:

Неяк спадцішка назаўтра наранкі дыхнуў калючы сівер. (Вячаслаў Адамчык, «Чужая бацькаўшчына»)

Такім жа чынам можна замяніць і канструкцыю з «праз». Напрыклад, «праз год царыца памерла» жывей сказаць «на другі год царыца памерла».

А «наперад было інакш», «упярод магазінаў не было»?.. Помніце з дзедавых-бабіных аповедаў? Калі забыліся — успамінайце.

Тыя гады мы па-беларуску не гаварылі: цураліся простае мовы. Але ж Дзімка наш — той паступіў ва ўніверсітэт, а на другі год сказаў, што баба наша лепей за ягоных прафесараў па-беларуску гаворыць. Дык жа ж і мы цурацца перасталі. Налета мо і ўсё сяло ўжо загамоніць.

І дай Божа. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?