У Растоўскай вобласці напярэдадні затрымалі траіх чалавек, якія прарваліся праз мяжу на Камазе, а пасля затрымання назвалі сябе «апалчэнцамі».

Надзвычайнае здарэнне адбылося ў раёне пагранічных пунктаў «Ізварына» (Украіна) і «Данецк» (Расія). Кіроўца грузавіка знёс загароджу на абодвух пунктах і не спыніўся на патрабаванні памежнікаў.

Растоўскі сайт 161.ru са спасылкай на Данское пагранупраўленне ФСБ перадае, што пасля гэтага пачалася пагоня. У ёй бралі ўдзел байцы АМАПа і супрацоўнікі аддзялення мабільных дзеянняў ПУ ФСБ Расіі па Растоўскай вобласці.

Сілавікі адкрылі агонь па колах грузавіка, але спыніць яго ўдалося толькі ля хутара Валчэнскага, заступіўшы шлях іншым КамАЗам.

«Трое затрыманых знаходзіліся ў стане наймацнейшага ап'янення, наўрад ці алкагольнага. Назвалі сябе апалчэнцамі. Яны доўга не маглі зразумець, што адбываецца і на тэрыторыі якой дзяржавы знаходзяцца», — паведаміў удзельнік аперацыі па затрыманні. Таксама ён паведаміў, што адзін з затрыманых пазней змяніў паказанні, раптам заявіўшы, што з'яўляецца закладнікам: «Мы першы раз бачылі ўзброенага да зубоў закладніка. «Апалчэнцы» гэта ці правакатары, разбяруцца праваахоўныя органы».

Грамадзянамі якой краіны з'яўляюцца затрыманыя, у паведамленні не ўдакладняецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?