Мы прывыклі да карт на плоскіх паверхнях і давяраем ім не меней, чым глобусам. У пэўных маштабах гэта правільна — Мінск, а то і цэлую Беларусь можна прыняць за плоскасць, вялікіх памылак не будзе. Але ў маштабах карты цэлай планеты сцвярджаць, што Зямля плоская, нельга.

Любая праекцыя паверхні шара на плоскасць дае памылкі.

Немагчыма пачысціць апельсін і раскласці на стале цэдру дасканала роўнай плоскасцю. Таксама немагчыма і паказаць на плоскасці тэрыторыю, напрыклад, Расіі, не «парэзаўшы» яе на бясконца маленькія палоскі.

Мы звыклі да раўнавуглавых праекцый, дзе паралелі і мерыдыяны перасякаюцца раўнютка пад вуглом 90°. Адна з самых вядомых — праекцыя Меркатара.

Праекцыя Меркатара

Толькі ў іх чым далей да палюсоў, тым болей памылак. Напраўду, Грэнландыя зусім не такая вялікая — яна проста надта далёка ад экватару!

Партал Buzzfeed апублікаваў відэа, дзе тлумачыць рэальны памер краін на картах:

Не такія і маленькія тыя Штаты, усяго ў 2,1 разы меней за Расію!

А Грэнландыя, якую мы звыклі бачыць у параўнальных з Афрыкай памерах, насамрэч у 14 разоў меншая за Чорны кантынент!

Змагаюцца з такімі памылкамі па-рознаму.

Часам атрымліваецца сардэчка — як у праекцыі Вернера. Адлегласці па паралелях і па цантральным мерыдыяне правільныя, але як жа плюшчыць Аўстралію!

Праекцыя Вернера

Часам выходзіць хвастаты сабачка — як у праекцыі Дымаксіёна. У прынцыпе, плошчы кантынентаў блізкія да верных, а калі карту выразаць і скласці, атрымаецца своеасаблівая бібліятэка, амаль шарык. Толькі калі глядзець на яе плоскую, шыю можна звярнуць.

Праекцыя Дымаксіёна

Хіба не ўсе магчымыя праекцыі з іроніяй апісаныя па-англійску тут. А пакруціць глобус на экране камп’ютара ці смартфона можна з дапамогай Google Earth.

Яшчэ адзін зман, у які можна самога сябе ўвесці ад любой карты і нават глобуса — насельніцтва краін свету.

Калі паглядзець на Канаду нават у «правільных» праекцыях, можа падацца, што там жыве многа-многа людзей. А калі на Філіпіны — што там змесціцца не больш людзей, чым у Беларусі.

Гэта можа выправіць карта, што паказвае плошчу краін прапарцыйна шчыльнасці насельніцтва. На карце ад TeaDranks (глядзець у звышвялікім разрозненні) у кожнай клетцы змяшчаюцца прыблізна 500 тысяч чалавек.

Карта роўнай шчыльнасці насельніцтва TeaDranks

А так (глядзець у звышвялікім разрозненні) выглядаў бы свет на гэтай карце, калі б улічваліся толькі падлучаныя да інтэрнэту людзі. Не верце карычневаму колеру Беларусі, у нас у лідарах сёння ўжо не «УКантакце», а Google!

Карта роўнай шчыльнасці карыстальнікаў інтэрнэту

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру