Праграму супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквой на 2015—2020 гады падпісалі 13 лютага кіраўнік ведамства Міхаіл Жураўкоў і мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.
Як паведамляе прэс-служба Мінадукацыі, гэтая праграма будзе ўжо чацвёртай, першы такі дакумент быў прыняты ў Беларусі ў 2004 годзе. Асноўныя мерапрыемствы праграмы скіраваныя на «інфармацыйнае, метадычнае, нарматыўнае прававое і кадравае супрацоўніцтва, выхаванне духоўна сталай асобы, правядзенне сумесных навуковых даследаванняў па духоўна-маральнай, псіхолага-педагагічнай і культуралагічнай тэматыцы», адзначылі ў ведамстве.
«Адукацыя заклікана не толькі перадаваць навучэнцам пэўную суму ведаў, але і фарміраваць у юных сэрцах скіраванасць да праўды, любві да блізкіх, да гісторыі і культуры сваёй краіны. Царква можа аказаць садзеянне ў выхаваўчай місіі, бо ад духоўнага і маральнага аблічча асобнага чалавека залежыць як яго асабістае ратаванне, так і будучыня ўсяго народа», — гаворыцца ў паведамленні Мінадукацыі.





