Згода Уладзіміра Пуціна на Мінскія дамоўленасці паставіла расійскую прапаганду перад цяжкай задачай. Доўгі час маскоўскія сайты трубілі пра хуткую перамогу «апалчэнцаў» над «кіеўскай хунтай». «ДНР» і «ЛНР» маюць больш вайсковай тэхнікі, чым большасць еўрапейскіх дзяржаў. Але мінуў год, а перамога ўсё яшчэ не наступіла.

Таму ў інтэрнэт была запушчана качка пра нібыта заяву натаўскага генерала пра гатоўнасць нанесці авіяўдары па «Наваросіі».

«На днях стала вядома, што калі мір на Данбасе не наступіць, то авіяцыя НАТА ў найбліжэйшыя два-тры тыдні нанясе масавыя авіяцыйныя ўдары па парушальніках мірнага плана. Пра магчымасць такога ўдару ўчора ў Мюнхене заявіў камандуючы сіламі НАТА ў Еўропе Філіп Брыдлаў», — пішуць расійскія імперскія сайты. 

На праўдзе ніякіх падобных заяваў Брыдлаў не рабіў. Але вось што пішуць расійскія парталы.

«Афіцыйна авіяцыя НАТА, як і ў былой Югаславіі, будзе атакаваць пазіцыі войскаў, якія не спыняюць баявых дзеянняў, а рэальна больш за 95% «кропкавых» удараў прыпадуць на сілы апалчэння і толькі каля 5% па падраздзяленнях Украіны, якія не выконваюць загадаў цэнтральнага камандавання («Правы сектар» і некаторыя добраахвотніцкія батальёны). Задача сіл НАТА — стварыць вырашальны перавага на палях бітвы, ачысціць Данбас ад «тэрарыстаў» і ўзмацніць цэнтральную прэзідэнцкую ўладу Парашэнкі».

А што ж Расія? Пуцін аказаўся перад складаным выбарам, піша прапаганда

«Што можа ў гэтым выпадку зрабіць Расея? У прынцыпе, практычна нічога. Па шматлікіх заявах Уладзіміра Пуціна і іншых афіцыйных асоб Расія не з'яўляецца бокам канфлікту і таму авіяўдар НАТА па пазіцыях апалчэнцаў нельга будзе разглядаць як ваенныя дзеянні супраць Расіі. Не вайну ж аб'яўляць, — працягвае аўтар. — Зараз ва Уладзіміра Пуціна досыць складаная дылема: або аддаць Данбас на разарванне ўзброеным сілам Украіны і НАТА або апярэдзіць амерыканцаў і ўвесці войскі (прызнаць ДНР і ЛНР), але тым самым выклікаць новую магутную хвалю санкцый і далейшы шквал крытыкі Расіі. І тое, і іншае вельмі дрэнна. У бліжэйшы час мы ўбачым, ці зможа Прэзідэнт Расіі знайсці годны выхад з пастаўленай яму пасткі».

Канечне, падпісанне перамір'я ў такіх умовах здаецца не вынікам слабасці расійскай эканомікі, а мудрым дасягненнем кіраўніка Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?