28-гадовы бостанскі беларус Пятро Бярдоўскі, больш вядомы ў амэрыканскіх мастацкіх колах як Зэблер, названы шэрагам выданьняў ЗША «самым скандальным мастаком году».

Колішні навучэнец гарадзенскай школы N 10 апынуўся ў ЗША ў 1996 годзе па праграме міжнародных абменаў. Тут ён папрасіў палітычнага прытулку. Адукацыю атрымаў у коледжы мастацтваў у Масачусэтсе.

Паводле бостанскіх крытыкаў, мастацкі напрамак Бярдоўскага — адна з формаў відэа—арту, «настолькі новая, што яе нельга назваць адным словам». Раней амэрыканскія выданьні шмат пісалі пра арыгінальныя пэрформансы Бярдоўскага ў Вашынгтоне, Чыкага, на Алясцы і ў Музэі мастацтва Бэрклі ў Каліфорніі.

Апошнім часам Бярдоўскі трапіў у поле амэрыканскіх СМІ зусім зь іншай нагоды. Летась ён і ягоны калега — амэрыканец Шон Стывэнс — былі абвінавачаныя ў «стварэньні з дапамагай сваёй творчасьці атмасфэры страху сярод усяго бостанскага насельніцтва». Сёлета абодва мастакі былі вызваленыя з залі суду пад заклад у 2,5 тысячы даляраў.

Адрозна ад свайго калегі Шона Стывэнса, які рэзка спыніў усе кантакты з прэсай, Пётр Бярдоўскі ніколькі не саромеецца. Ён ахвотна і з падрабязнасьцямі расказвае пра леташні скандал. Усё пачалося з таго, што разам са Стывэнсам яны па дамове з маркетынгавай кампаніяй Turner Broadcasting усталявалі ў Бостане сьветавыя табло і пры дапамозе ліхтарыкаў стварылі на іх вядомыя вобразы аднаго папулярнага анімацыйнага сэрыялу для дарослых. Гэта былі: шклянка з кока—колай, мясны кавалачак, іншыя стравы фаст‑фуду. Калі ў сэрыяле гэтыя героі не саромеліся гаварыць непрыстойныя жарты, то ў рэкляме яны дэманстравалі непрыстойныя жэсты пальцам.

Неўзабаве правады і кабелі ля табло насьцярожылі паліцыю. Адначасна ў ФБР трапіла інфармацыя пра магчымы тэракт. На месцы, дзе па вечарах зьяўляліся героі «мультыкаў», прыбылі брыгады сапёраў. Бярдоўскага і Стывэнса арыштавалі. Іх абвінавачвалі ў нагнятаньні панікі сярод гарадзкога насельніцтва. Аднак потым пракуратура прызнала, што выйграць гэтую справу наўрад ці магчыма.

Сваім цяперашнім званьнем «Самы скандальны чалавек году» Пётр Бярдоўскі вельмі ганарыцца. У размове з прэсай, «патлаты і эпатажны» Бярдоўскі, рэагуе на ўсё з прысутным яму «надзвычайным пачуцьцём гумару». Друкаваным мэдыям ён прапануе набыць тыя фрэскі, якія ён з Шонам Стывенсам зрабіў на будынку шпіталю ў часе папраўчых грамадзкіх працаў. Гэта мастацтва ён называе мастацтвам апошняй генэрацыі, «своеасаблівым пюрэ з уласнага мастацтва і твораў іншых».

У часе прэсавых канфэрэнцыяў, Бярдоўскі можа перавесьці абсалютна ўсе пытаньні журналістаў ў адно рэчышча:

«Бярдоўскі: «Вы ведаеце, гэта вельмі добрае пытаньне… Аднак пра што мы, сапраўды, хацелі б пагаварыць і што, магчыма, вельмі важна для многіх людзей — гэта пра стыль прычосак 1970—х гадоў. Вы пытаецеся, як я сябе адчуваю? Асабіста я вельмі добра адчуваю, калі ў мяне такія цудоўныя валасы».

У размове з Associated Press, якая адбылася літаральна днямі, Бярдоўскі, у прыватнасьці, сказаў:

«Я разглядаю увагу СМІ як падставу для майго посьпеху ў якасьці ў мастака. Для мяне важная кожная магчымасьць зьявіцца на публіцы».

Нядаўняя экспазыцыя Пятра Бярдоўскага ў музэі ў Бэрклі выклікала надзвычайны інтарэс сярод знаўцаў і аматараў лічбавага мастацтва. Як кажа куратар выставы Рычард Рынэгарт, « каля 500 чалавек прыйшлі ў музэй адмыслова на пэрформанс Бярдоўскага, і ўсе яны былі ўражаныя ягонай творчасьцю.»

Паводле Рынэгарта, ён арганізаваў выставу не з—за «дурной славы» мастака, а па рэкамэндацыі сваіх калегаў.

«Аднак, — дадае Рынэгарт, — палітычны скандал такога кшталту добра спрацоўвае ў Бэрклі.»

Алена Струвэ, Радыё Свабода

Глядзі яшчэ:
Беларус паставіў на вушы Бостан

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0