Многія прадпрымальнікі не змогуць працаваць пасля 1 сакавіка 2015 года, калі скончыцца вызначаны ўладамі краіны тэрмін распродажу таварных рэшткаў без сертыфікатаў згодна з тэхрэгламентам Мытнага саюза.

Пра гэта заявілі большасць прадпрымальнікаў, якія выступілі 16 лютага ў Мінску на форуме «Мэты і задачы для малога бізнесу Беларусі», арганізаваным РГА «Перспектыва». Усяго ў форуме ўзялі ўдзел каля 1200 чалавек з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Нагадаем, 1 ліпеня 2014 года набыў моц указ прэзідэнта № 222, прыняты ў падтрымку тэхрэгламенту Мытнага саюза (МС) «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці». Указ абавязаў ІП мець сертыфікаты адпаведнасці згодна з тэхрэгламентам МС на ўсе ўвезеныя ў Беларусь тавары. Рэшткі тавараў, увезеныя да таго, як набыў моц указ, дазволена прадаваць па старых правілах да 1 сакавіка 2015 года. 

На форуме прадпрымальнік з Гомеля Святлана Калачова расказала пра складанасці, з якімі ІП сутыкаюцца ў Расіі, каб атрымаць на тавар сапраўдныя дакументы. Паводле яе меркавання, прыняцце ўказа № 222 «ставіць прадпрымальніцкую дзейнасць на грань». «Мабыць, улады паставілі перад сабой задачу знішчыць нас як клас ці расчышчаюць поле для нашых канкурэнтаў. Але мы таксама ваш народ», — адзначыла яна, звяртаючыся да ўлад. 

Паводле слоў ІП з Бабруйска Сяргея Філіпава, большасць апытаных прадпрымальнікаў горада паведамілі, што пакінуць бізнес пасля 1 сакавіка. «Хтосьці паедзе працаваць у Расію, а хтосьці зоймецца продажам сярод знаёмых і сяброў», — сказаў Філіпаў. Паводле яго меркавання, неабходна паведамляць спажыўцу інфармацыю пра тое, што тавар не сертыфікаваны, і ён сам будзе выбіраць, купляць такі тавар ці не. Прадпрымальнік таксама адзначыў праблему продажу тавараў лёгкай прамысловасці замежнымі грамадзянамі на шматлікіх кірмашах. Акрамя таго, ІП не вытрымаюць высокую арэндную стаўку, паколькі «продажы амаль скончыліся з прычыны зніжэння ўзроўню жыцця». 

Як лічыць прадпрымальнік з Магілёва Аляксей Валатко, «праблема ў краіне ў тым, што законы прымаюцца без абмеркавання з тымі, каму іх выконваць». На яго думку, неабходна прыняць дакумент аб дзяржаўным рэгуляванні арэнднай платы. Ён таксама лічыць неабходным не ўскладаць адказнасць за сертыфікацыю тавару на прадпрымальнікаў рознічнага гандлю. «Гэтым павінны займацца вытворцы тавару ці аптавікі», — лічыць Валатко. 

«Прадпрымальнікі ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі стаяць тыднямі, нічога не прадаючы. Рэшткі заўсёды будуць, гэта звязана з тым, што прадстаўляецца ўся размерная лінейка, але не ўсё прадаецца. З 1 сакавіка ніхто не будзе стаяць і глядзець, як у людзей адымаюць тавар, адымаюць апошняе, іх здароўе», — лічыць прадпрымальнік з Брэста Алена Кустус. Паводле яе меркавання, улады абавязаныя ўлічваць інтарэсы прадпрымальнікаў. «Спадарства чыноўнікі, не проста слухайце нас, а нарэшце пачуйце!» — заявіла яна. 

Прадстаўнікі ўлад, якія прысутнічалі на форме, у чарговы раз заявілі, што тэрмін заканчэння распродажу рэшткаў тавараў мінае 1 сакавіка і пераглядацца не будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?