У межах спецыяльна створаных праграм Фонд правоў чалавека і «Малыя праекты пасольства Каралеўства Нідэрландаў» (Матра/КАП) для падтрымкі развіцця грамадзянскай супольнасці ў краінах Усходняга партнёрства за апошнія сем гадоў у Беларусі рэалізавалі 150 праектаў.

Пра гэта паведаміў намеснік пасла Нідэрландаў у Беларусі Адрыян Палм 17 лютага ў Мінску на сустрэчы з журналістамі.

«Галоўная мэта нашых праграм — уключыць у працэс развіцця грамадзянскай супольнасці Беларусі ўсё яе насельніцтва. Мы ўпэўненыя, што дынамічнае развіццё яркай, сучаснай і энергічнай грамадзянскай супольнасці жыццёва важнае для якасці дэмакратыі, эканамічнага развіцця і прагрэсу грамадскасці ў краіне», — сказаў ён.

Дыпламат паведаміў, што крайні тэрмін падачы новых праектных прапаноў ад недзяржаўных арганізацый для атрымання пасольскай падтрымкі ў іх рэалізацыі — 15 сакавіка 23.59. 

Паводле слоў Палма, Нідэрланды падтрымліваюць развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ўжо больш як 20 гадоў. 

«Мы ведаем цяжкую сітуацыю з правамі чалавека і развіццём грамадзянскіх ініцыятыў у вашай краіне, і для вырашэння праблем неабходна весці канструктыўны дыялог з усімі членамі беларускага грамадства, і ўрадам у тым ліку, — сказаў Палм. — Апрача таго, трэба крытыкаваць — гаварыць аб праблемах і парушэннях правоў чалавека. Мы са свайго боку гатовыя дапамагаць і словам, і справай».

На кожны адабраны праект, зазначыў дыпламат, выдзяляецца грант у 25 тысяч еўра, і ён павінен быць рэалізаваны на працягу 12 месяцаў.

Палм звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі ўрад не хоча дапамагаць дробным грамадскім арганізацыям вырасці ў буйныя ініцыятывы. У паспяховым вырашэнні гэтага пытання павінны прысутнічаць тры аспекты, мяркуе прадстаўнік нідэрландскай дыпмісіі: жаданне дзейнічаць, самі дзеянні арганізацыі, уключанасць у дзеянне грамадства і ўлад.

«Важна, каб вы самі спрабавалі размаўляць з урадам, як гэта робім мы, нават калі ён не хоча супрацоўнічаць, — падкрэсліў ён. — За гэты працэс трэба змагацца». 

На конкурс звычайна прыходзяць каля 100 прапаноў, таму неабходна дакладна акрэсліць мэту праекта і дакладна вызначыць мэтавую групу, у тым ліку акрэсліць тое, як у праект будзе ўключана насельніцтва, нагадаў Палм.

«Я не баюся падтрымаць праект, рэаізацыя якога можа не ўкласціся ў 12 месяцаў. Галоўнае, каб праграма працавала», — сказаў ён і дадаў, што правы чалавека — гэта краевугольны камень галандскай знешняй палітыкі. 

«У сферы правоў чалавека мы хочам падтрымаць тых, хто знаходзіцца ў цяжкіх жыццёвых умовах, хто не атрымлівае належнай урадавай падтрымкі, хто ўшчамлёны ў сваіх правах», — падсумаваў дыпламат. 

З падрабязнасцямі і патрабаваннямі абедзвюх праграм можна азнаёміцца на сайце.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру