Лёшу восем гадоў, ён ходзіць у трэці клас. Вучыцца не горш за іншых, на ўроках сядзіць ціха, слухае настаўніцу, але на пытанні па тэмах урокаў ніколі не адказвае. Руку не падымае, быццам саромеецца чагосьці.

І толькі на ўроках матэматыкі пры вусным лічэнні заўсёды першым ведае адказ, чым здзіўляе настаўніцу, бо нават лепшыя вучні не выяўляюць такога спрыту.

Калі на вялікім перапынку дзеці дружным гуртам ляцяць у школьны буфет, каб купіць прысмакаў, Лёша застаецца сядзець на сваім месцы. На пытанне настаўніцы, чаму ён нічога не купляе і ці ёсць у яго грошы, Лёша, утуліўшы галаву і апусціўшы вочы, адказвае:

— Грошы ёсць, але я нічога не хачу.

Настаўніца некалькі разоў спрабавала пачаставаць яго, у адказ — крыўда і такое абурэнне, што Вольга Іванаўна ўрэшце спыніла гэтыя спробы.

Вольга Іванаўна ўсё ведае пра Лёшава жыццё: Лёшу выхоўваюць дзядуля і бабуля. Бацьку Лёша бачыць толькі ўвечары, і заўсёды той на добрым падпітку. Лёша ў гэты час ужо ляжыць у ложку, і калі бацька набліжаецца да яго, нацягвае коўдру на твар, каб не дыхаць перагарам. Маці Лёшава асуджаная, адбывае пакаранне на так званай «хіміі».

Хлопчык ведае, што маці парэзала нажом нейкага дзядзьку, якога ўсе называюць яе палюбоўнікам, Лёша не разумее, хто такі палюбоўнік, але ў яго ўяўленні гэты чалавек зрабіў нешта дрэннае яго маці.

У хлопчыка ёсць яшчэ сястра Віка, якая таксама на руках дзядулі і бабулі. Між суседзямі ідзе плётка, што Лёша быццам не Андрэеў сын, зусім да яго не падобны. Вось Віка — дык уся ў бацькаву радню, такая ж чарнявая, як і яны. Але размовы гэтыя ніяк не адбіваліся на любові да Лёшы дзеда і бабулі. Яны лічаць яго сваім, родным, бо рос у іх на вачах і нельга яго адарваць ад сям’і.

Лёша адчувае гэтую любоў і сваю таксама аддае ім, стараецца быць карысным памочнікам у хатніх справах.

Вось і зараз Лёша збіраецца ў краму па просьбе бабулі.

Ён загадзя ведае, што колькі каштуе, і выкладае бабулі свае разлікі наконт хлеба, малака, кефіру. Усе дзівяцца такой гаспадарлівасці, усю здачу да капейкі Лёша прыносіць дадому.

Бабуля ж у сваю чаргу не крыўдзіць унука і кожным ранкам дае Лёшу грошы ў школу, каб той купіў сабе якіх прысмакаў.

I вось тут Лёша робіцца маленькім «банкірам», старанна адкладае ў кашалёчак кожную капейчыну. У буфет не ходзіць, а здавальняецца толькі бясплатным сняданкам, што выдаюць у школе.

Аднойчы Лёша пачуў, што хутка са зняволення вяртаецца маці, і ёй, канечне, спатрэбяцца грошы: трэба ж тое­сёе купіць для сябе ды і харчавацца пасля турмы трэба лепш. Лёша марыць аб гэтай сустрэчы. Ён не забыўся на тую матчыну ласку, якую яна аддавала яму маленькаму.

Тыя часы, калі маці была побач, усплываюць у яго памяці, як кадры з любімых мульцікаў.

…Вось маці прыйшла па яго ў дзіцячы садок і працягвае яму цукерку; вось нечакана знойдзены ў ложку цёплы, з мяккага футра мішка, з якім Лёша засынаў кожны вечар. А матчыны рукі, якія моцна абдымалі і прыціскалі яго да грудзей.

Калі Лёша падрос да гадкоў пяці, помніць ён і другую маці. Ледзь пераваліўшыся цераз парог кватэры, яна падае на падлогу, а Лёша бездапаможна стаіць каля яе, не ведаючы, чым дапамагчы.

Прыходзіць бабуля, бярэ Лёшу за руку і адводзіць у іншы пакойчык.

Маці доўга спіць, а калі прачынаецца, вочы ў яе нейкія дзіўныя, быццам налітыя мутнай вадкасцю.

Лёшава сэрца разрываецца ад жалю, ён нават не хоча ісці ў дзіцячы садок, плача, каб застацца дома, але дзед Антон прыкрыквае на яго, а дзеда Лёша пабойваецца і любіць таксама моцна.

Успаміны наплываюць у Лёшаву душу амаль штодня, чуе ён і размовы дарослых пра маці, дзе больш абурэння і знявагі, чым спачування.

Але Лёша па­ранейшаму моцна любіць сваю маму і марыць аб сустрэчы з ёй.

I вось учора ён пачуў размову дзядулі з бабуляй, што вярнулася Сонька (так завуць маму) і што прыходзіла да Лёшавага таты на працу, прасілася вярнуцца да іх, але ён ёй адмовіў: бацькі супраць і бачыць яе не хочуць.

Лёша кінуўся на кухню, дзе сядзелі дзед з бабуляй, з плачам:

— Няхай мама вернецца да нас!

Але дарэмныя былі яго слёзы і лямант — старэйшыя стаялі на сваім.

…Прайшоў тыдзень. Аднаго разу Лёша з хлопчыкамі пасля ўрокаў выбег на школьны ганак і раптам спыніўся на прыступках. Крокаў за дваццаць ад ганку ў школьным двары ён пабачыў знаёмую постаць. Не звяртаючы ўвагі на сяброў, Лёша кінуўся да яе і з крыкам «Мама, ты прыйшла!» павіс на яе шыі.

Маці плакала і моцна цалавала Лёшу. Аднакласнікі некаторы час здзіўлена назіралі гэту сцэну, а пасля гарэзліва разбегліся ў розныя бакі. Лёша ні аб чым не пытаўся ў яе, яны моўчкі дайшлі дадому.

I раптам на развітанне маці запыталася, ці даюць яму грошы ў школу. Лёша адразу палез у кішэню, дастаў сваю скарбонку:

— Так, даюць. Вось назбіраў трохі.

Вочы Сонькі загарэліся надзеяй:

— Можа, ты дасі мне на цыгарэты? — запытала яна

— Бяры ўсё, гэта я табе збіраў.

Яна ўхапіла кашалёчак і паклала ў сваю сумку.

— Ты мне кашалёчак толькі аддай: мне ж трэба некуды збіраць грошы.

Яна аддала яму кашалёк, дастаўшы адтуль Лёшавы зберажэнні. Пасля яшчэ раз прытуліла Лёшу да сябе і моўчкі пайшла ад яго ў бок крамы. Лёша стаяў і плакаў. Ён ведаў, што яна прыйдзе ізноў да яго, прыйдзе па грошы. I ён дапаможа ёй.

3 таго часу Лёша і стаў «банкірам» — так звалі яго школьныя сябры, калі бачылі, што Лёша ашчаджае грошы.

— Мо ты машыну збіраешся купляць? — здзекаваліся з яго.

Але Лёша маўчаў. Што яму гэтыя здзекі, калі ён ведае, што праз некалькі дзён за рогам дома, што побач са школай, будзе стаяць маці і вочы яе будуць свяціцца апошняй надзеяй на Лёшаў «банк».

I каб пабачыць маці хаця б некалькі хвілін, Лёша стрывае і здзекі аднакласнікаў, і дакорлівы позірк бабулі, якая здагадваецца пра ўсё, але маўчыць, аддаючы даніну Лёшавай ахвярнасці.

— Што рабіць? — употайкі шапталіся дзядуля з бабуляй. — Мо не даваць грошы?

Тады Лёша бег да бацькі, і той не мог яму адмовіць. І Лёшаў «банк» зноў поўніўся капіталам…

Першым не вытрымаў бацька.

— Будзем мяняць кватэру. Так далей жыць немагчыма. Яна ўсё роўна будзе даставаць нас да скону і дзяцей знявечыць. Трэба пераязджаць у другі раён.

Так Лёша апынуўся ў другой школе, але даў сабе зарок, што будзе ўпотайкі прыязджаць на сустрэчу з маці, будзе шукаць яе.

Толькі цяпер усе родныя сачылі за ім, бабуля нават з працы звольнілася, каб больш увагі надаваць унукам.

У школу Лёшу цяпер давалі ссабойку: не слабую, канечне, але ж гэта не грошы. Так і лопнуў Лёшаў «банк».

А Сонька, даведаўся малы, з’ехала быццам з нейкім новым мужам жыць у вёску, у кінутую некім хату. Там яна, напэўна, і цяпер.

Лёша марыць, малюе для маці віншавальныя паштоўкі, як і ўсе дзеці ў класе, толькі не ведае, куды адаслаць іх.

— Вось падрасту, пайду працаваць, збяру грошы і адшукаю маму. Як жа яна там без мяне? Хто ёй дапаможа?

Час ляціць, а мары, калі яны моцныя, часам здзяйсняюцца. Можа, стане Лёша сапраўдным банкірам. Хто яго ведае, мо пашанцуе яму за гэтую вялікую любоў да роднага чалавека — маці.

***

Ала Кажэра — педагог з вялікім стажам, ветэран нацыянальнага руху. Жыве ў Мінску. У аснове апавядання ляжыць рэальная гісторыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0