Шаноўны сп. Навумчык вырашыў стаць адзіным і непаўторным гісторыкам БНФ і балюча рэагуе («НН» №7) на выказванні тых, хто мае сваё асабістае бачанне на тыя падзеі, якія і прывялі Беларусь да незалежнасці.

Дарэчы, менавіта Навумчык пакрысе стварае розныя міфы пра дзейнасць БНФ, маючы ў Празе значна большыя магчымасці, чым тыя сябры аргкамітэта БНФ, якія жывуць і працуюць увесь час на Беларусі. Таму я мушу чарговы раз запярэчыць нашаму пражскаму сябру.

Пасяджэнні Дэмклуба ў ВС БССР у 1990 годзе, асабліва ў красавіку—чэрвені адбываліся рэгулярна, а «не добра, калі два разы», як піша Сяргей Навумчык. Менавіта з Дэмклуба прыйшла ў апазіцыю БНФ Галіна Сямдзянава і некаторыя іншыя дэпутаты.

А цяпер пра ролю камуністаў. У аргкамітэце БНФ, створаным 19 кастрычніка 1988 г., камуністаў было не менш за палову. Тое ж можна сказаць і пра апазіцыю на платформе БНФ у 1990 годзе. Дарэчы, камуністам быў і сам Сяргей Навумчык, а яго бацька — былы сакратар Віцебскага абкама КПБ, вельмі прыстойны і адукаваны чалавек, беларускі патрыёт Іосіф (Язэп) Навумчык.

Цікава, што ў прыняцці гістарычнай сімволікі Беларусі ў якасці дзяржаўнай немалую ролю адыграў і Віктар Шэйман, які потым разам з Валянцінам Голубевым быў маім намеснікам у камісіі па забеспячэнні адзінай палітыкі выкарыстання дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

Нагадаю сп.Навумчыку, што канстытуцыйная большасць у Вярхоўным Савеце складала значна болей, чым 200 галасоў. І без гэтых людзей незалежнай Беларусі не было б. І я вельмі ўдзячны ўсім тым, хто падтрымаў прапановы БНФ у жніўні, верасні і снежні 1991 года. Іх імёны павінны ведаць усе грамадзяне нашай краіны.

Прывяду некалькі прыкладаў. Калі апазіцыя БНФ прапанавала змяніць назву Мінск на Менск, нас падтрымалі 152 чалавекі (кворум для прыняцця станоўчага рашэння быў 174 галасы, а колькасць апазіцыі БНФ складала каля 30 чалавек).

У 1994 годзе беларуская мова набыла статус адзінай дзяржаўнай мовы ў краіне дзякуючы падтрымцы нефармальнага лідара ветэранскай арганізацыі ў Вярхоўным Савеце генерала Геца, чалавека сумленнага, але вялікага кансерватара.

Іншая справа, што ў 1992 і асабліва ў 1994 гадах гістарычныя і жыццёвыя шляхі гэтых людзей кардынальна разышліся. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя, спадар Навумчык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?