Нечаканая заява радыкальнага сайта 1863x.com была зробленая некалькі дзён таму. Аўтар матэрыялу, які падпісваецца «Патрыёт», лічыць, што Беларусі варта рыхтавацца да вайны. «Ва ўмовах рэальнай расійскай пагрозы, наша грамадства павінна ўмець быць гнуткім», — піша партал.

На думку «Патрыёта», на полі дзейнасці нацыяналістаў з’явіўся новы гулец — Аляксандр Лукашэнка.

«Кіраўнік дзяржавы і раней неаднаразова казаў і аб падтрымцы беларускай мовы, і аб умацаванні незалежнасці краіны. Аднак, калі ў мінулыя гады падобныя заявы можна было лічыць кан'юнктурнымі і накіраванымі на дасягненне якіх-небудзь вузкіх палітычных мэтаў, то сёння, калі яны гучаць на фоне вайны ва Украіне, давер да іх нашмат больш. Акрамя таго, у выказваннях Лукашэнкі гучаць зусім новыя ідэі», — перакананы аўтар.

Некалькі словаў было прысвечана выказванням Лукашэнкі на прэс-канферэнцыі 29 студзеня.

«Многія журналісты і аналітыкі адзначылі, што Лукашэнка выяўляў — хай пакуль толькі на словах — прыязнасць да грамадзянскай супольнасці. Агрэсіі, варожасці не гучала. Не рабіце «Майдану» — а ў астатнім рабіце, што хочаце».

«Лукашэнку і Беларусі патрэбны тыя, хто гатовы ў адказны момант абараняць дзяржаву не за грошы і матэрыяльныя даброты і не з-пад палкі. Патрэбныя людзі, гатовыя памерці за незалежнасць краіны. БРСМ на гэтую ролю не падыходзіць па зразумелых прычынах. Чыноўнікі на фронт не пойдуць. Бізнэс будзе ратаваць свае капіталы. Армія моцная, але нават ўлады разумеюць, што яна адна не справіцца. Уплыў спецслужбаў Расіі на ўсе гэтыя групы насельніцтва таксама не варта скідаць з рахункаў». Як мяркуе «Патрыёт», такой сілай, якая будзе бараніць незалежнасць Беларусі могуць стаць нацыяналісты і патрыёты.

Вось што прапануецца рабіць гэтым людзям:

«Патрыёты і нацыяналісты павінны прыняць афіцыйную сімволіку краіны, тым больш, што, для вялізнай часткі беларусаў яна стала «сваёй». Улады ж могуць пайсці на легалізацыю бел-чырвона-белага сцяга, прызнаўшы яго, як і герб «Пагоня», гістарычным і адмовіўшыся ад пераследаў за яго выкарыстанне.

Патрыёты і нацыяналісты павінны адмовіцца ад ідэі «барацьбы з дыктатурай» і ад удзелу ў любых спробах звяржэння існуючага ладу і прэзідэнта. У сённяшніх умовах падобныя дзеянні аб'ектыўна ўяўляюць пагрозу для незалежнасці Беларусі. Улады могуць пайсці на легалізацыю патрыятычных арганізацый, якія не будуць выступаць супраць іх і гатовыя разам працаваць дзеля ўмацавання дзяржавы.

Патрыёты і нацыяналісты павінны цалкам адмовіцца ад падтрымкі сіл, якія ўлады лічаць дэструктыўнымі, спыніць пошукі спонсараў за межамі краіны і перастаць быць «агентамі ўплыву» небеларускіх сіл. Улады ж могуць вызваліць з турмаў тых людзей, якіх шмат хто лічыць палітычнымі вязнямі. Але гэта нельга рабіць так, як было раней — «цішком», даўшы магчымасць апазіцыі заявіць аб сваёй «перамозе». Наадварот, прэзідэнт можа яшчэ раз падкрэсліць свой статус міратворца не толькі ў замежнай палітыцы, але і ва ўнутранай, патлумачыўшы сімвалізм такога кроку і яго важнасць для ўмацавання ўзаемнага даверу ў грамадстве».

Сайт 1863x.com з’явіўся як адказ на расійскі партал «Спутнік і пагром». За кароткі час, дзякуючы сваёй радыкальнасці, 1863x.com набраў вялікую папулярнасць сярод беларускіх карыстальнікаў інтэрнэту. Па сённяшні дзень невядома, хто менавіта стаіць за гэтым сайтам.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру