Міністэрства адукацыі плануе арганізаваць у Беларусі маніторынг работы сістэмы вышэйшай адукацыі. Пра гэта паведаміў кіраўнік ведамства Міхаіл Жураўкоў 24 лютага ў Мінску на першым пасяджэнні Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета пры міністры адукацыі.

«Ужо распрацавана анкета, дзе прадугледжана графа для ацэнкі работы выкладчыка яго студэнтамі», — расказаў ён. 

Як паведамляе прэс-служба Мінадукацыі, на сустрэчы Жураўкоў заклікаў студэнтаў разбурыць міф аб тым, што ў беларускіх ВНУ недастаткова развітае студэнцкае самакіраванне, а студэнтаў «не чуюць ні на ўзроўні кіраўніцтва ВНУ, ні на ўзроўні Міністэрства адукацыі». «Мы хочам даць вам пляцоўку для пошуку адказаў на глабальныя задачы адукацыі. Вызначыце самі, якія задачы ва ўніверсітэце вы хацелі б выконваць і на што хацелі б уплываць. Асноўная задача студэнцкага савета — дапамагчы спецыялістам у пошуку канструктыўных вырашэнняў праблем, што стаяць перад сістэмай адукацыі», — адзначыў міністр. 

Кіраўнік Мінадукацыі мае намер арганізаваць сустрэчу членаў Грамадскага студэнцкага савета з прэзідыумам Рэспубліканскага савета рэктараў. Ён папрасіў студэнтаў прадумаць пытанні, якія яны лічаць актуальнымі. 

Кожная ВНУ прадстаўлена ў студсавеце адным голасам, незалежна ад колькасці яе студэнтаў. Згодна з зацверджаным студэнтамі палажэннем, «савет з'яўляецца калегіяльным дарадчым выбарным органам студэнцкага самакіравання ВНУ». Адным з першых праектаў савета стане запуск у сацыяльных сетках грамадскага абмеркавання «Адукацыя вачамі моладзі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру