У Мінску ў 2016 годзе з'явіцца першы квартал, у якім адначасова будуць прадстаўлены офісныя і гандлёвыя аб'екты, гасцініцы, спартыўныя, медыцынскія і аздараўленчыя цэнтры. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка аддзела кансалтынгу і аналітыкі групы кампанія «Твая сталіца» Андрэй Чарнышоў. 

Ён расказаў, што квартал займае частку праспекта Пераможцаў паміж вуліцамі Радужнай і Браслаўскай. Прастора паміж катэджным пасёлкам і спальным раёнам цяпер ператвараецца ў цэнтр дзелавога і грамадскага жыцця. Цікавасць дэвелапераў узрасла пасля будаўніцтва спартыўнага комплексу «Мінск-Арэна». Следам за ім з'явіліся гандлёвы цэнтр «Арэна-Сіці» і штаб-кватэра НАК з чатырохзоркавай гасцініцай «Вікторыя Алімп». 

Як зазначыў эксперт, тэрыторыю квартала актыўна асвойваюць прыватныя забудоўшчыкі. У Драздах размешчаны буйны бізнес-цэнтр Riviera Plaza з трыма офіснымі блокамі ў форме белых караблёў. Неўзабаве кампазіцыю дапоўніць буйны SPA-комплекс з басейнамі і саўнамі. Побач з ім размешчаны бізнес-цэнтр «Пакроўскі». Акрамя таго, у межах квартала будуюць два буйныя комплексы з жылымі, офіснымі і гандлёвымі плошчамі — «Лазурыт» і D3. 

«Развіццю квартала спрыяе ўдалае месцаразмяшчэнне: з аднаго боку — праспект Пераможцаў, па якім можна хутка дабрацца да цэнтра горада, з другога — маляўнічае месца каля вадасховішча, — лічыць эксперт. — Квартал арыентуецца не толькі на суседніх жыхароў — ён прэтэндуе на тое, каб стаць цэнтрам прыцягнення людзей з розных частак горада». 

На думку Чарнышова, найбольшыя перспектывы ў квартале ў спартыўных, рэкрэацыйных і офісных аб'ектаў. «Гасцініц тут дастаткова, а буйны гандлёвы цэнтр і так не разбалаваны высокім трафікам. Магчыма, сітуацыя будзе мяняцца з будаўніцтвам жылых дамоў у мікрараёне Лябяжы», — адзначыў спецыяліст. 

У будучыні ў Мінску з'явяцца яшчэ два дзелавыя кварталы. Самы буйны пабудуюць у раёне аэрапорта Мінск-1. Праект «Мінск-Мір» прадугледжвае стварэнне міжнароднага фінансавага цэнтра, будаўніцтва буйных офісных і гандлёвых аб'ектаў. Дзелавы квартал з'явіцца і ў раёне скрыжавання праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава, дзе па суседстве з Нацыянальнай бібліятэкай і бізнес-цэнтрам «Аляксандраў Пасаж» будуецца шматфункцыянальны комплекс «Газпрома».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру