Дзяніс Івашын (злева) у Кіеве. Фота з Facebook.
Ён паведаміў, што маёр упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Павел Славута патэлефанаваў яму і настойліва папрасіў з'явіцца пагутарыць наконт замежных паездак Івашына. Сам Дзяніс Івашын звазвае гэта з тым, што амаль усе яго замежныя выезды за бліжэйшы час былі ва Украіну — ён не хавае, што ездзіў на Майдан.
«Ва Украіне я правёў увесь студзень 2014 года падчас Майдану, потым выязджаў туды», — расказаў Івашын.
Аднак Івашын не пагадзіўся прыходзіць без афіцыйнай позвы. «Маёр запрашаў вельмі настойліва, намагаўся нават пад'ехаць і перадаць мне позву», — удакладніў актывіст.
Дзяніс Івашын кажа, што калі КДБ уручыць яму позву, аформленую належным чынам паводле заканадаўства, ён будзе «выконваць патрабаванні закона».
Гэта першы кантакт Івашына з КДБ. Да гэтага Камітэт дзяржбяспекі ім не цікавіўся — толькі міліцыя затрымлівала некалькі разоў за акцыі пратэсту.





