«У Рэспубліцы Беларусь з трывогай і занепакоенасцю ўспрынята інфармацыя аб спробах дэстабілізацыі становішча ў дружалюбнай нам Венесуэле»,
— заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дзмітрый Мірончык, адказваючы на пытанне інфармагенцтва Прэнса Лаціна аб стаўленні Беларусі да апошніх падзей у Венесуэле, дзе праходзяць акцыі пратэсту супраць дзейнай улады. Ужо загінулі некалькі дзясяткаў чалавек.
«Мы не прымаем агрэсіўных дзеянняў, накіраваных на насільную змену дзейнай улады па-за прававым полем Канстытуцыі. Выказваем падтрымку дэмакратычна абранаму прэзідэнту Венесуэлы, усім разумным сілам краіны, якія заклікаюць да мірнага дыялогу, недапушчэння насілля і абвастрэння ўнутрыпалітычнага становішча», — сказаў прадстаўнік беларускага МЗС.
Паводле яго слоў, «у гэтай цяжкай сітуацыі павінен пераважыць розум, імкненне да дасягнення ўзаемаразумення». «Спадзяемся, што менавіта ў атмасферы дыялогу пры захаванні вяршэнства Канстытуцыі, законнасці і правапарадку венесуэльцы працягнуць будаўніцтва незалежнай і квітнеючай дзяржавы», — падкрэсліў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў.
Тэкст адказу Мірончыка на пытанне інфармагенцтва Прэнса Лаціна размешчаны на сайце МЗС Беларусі.





