Узнагароды Experty.by яшчэ не абвесцілі дату правядзення і поўны спіс намінантаў, але арганізатары ўжо назвалі імя першага пераможцы.

У намінацыі «Найлепшы фолк-альбом» прыз атрымае гурт Vuraj за дыск «Раёк».

Альбом атрымаў ад штатных экспертаў (4 сталыя крытыкі) адзнаку 8,25 балы з 10 магчымых ды трапіў у топ-10 за 2014 год па версіі штатных экспертаў і па версіі вялікага журы (16 беларускіх музычных журналістаў). Ён таксама ледзь не патрапіў у топ-10 па версіях замежных экспертаў (Латвія, Літва, Польшча, Расія, Украіна) і народных экспертаў (актыўныя карыстальнікі сайта).

Нават намінальнага саперніка для яго ў гэтым годзе не знайшлося.

«Перамога Vuraj атрымалася безальтэрнатыўнай, але пры гэтым цалкам заслужанай. Гэта альбом, які ўражвае сваім арыгінальным падыходам ды грунтоўнай прапрацоўкай. Ён выводзіць гурт на якасна новы ўзровень і я магу пажадаць ім толькі не спыняцца на дасягнутым», — патлумачыў адзін са штатных экспертаў, галоўны рэдактар Tuzin.fm Сяргей Будкін.

Сёння, 27 сакавіка ў 19:00 гурт Vuraj дасць сольны канцэрт у клубе «Studio 67» (Партызанскі пр. 2), дзе прэзентуе публіцы кліп «Сасна пахілілася». Уваход вольны.

Experty.by таксама вырашылі дадаць новую намінацыю: «Найлепшы індзі-поп/электронны альбом».

У мінулым годзе галоўную ўзнагароду парталу атрымаў электроншчык (((O))). У гэтым годзе ён пазмагаецца ў адмысловай намінацыі з Mustelide і Vegetables.

«Гэта падвоеная намінацыя, якая аб’ядноўвае дзве памежныя з’явы. З аднаго боку альтэрнатыўную поп-музыку, дзе часцяком можна пачуць элементы электронікі. З іншага боку электроніку, з якой мы аглядаем частку, найбольш набліжаную да альтэрнатыўнага мэйнстрыму. Мы вырашылі, што прыспеў час звярнуць увагу публікі на гэты эксперыментальны сегмент сучаснай беларускай сцэны, які актыўна развіваецца», – патлумачыў кіраўнік праекта Experty.by Зміцер Безкаравайны.

27 сакавіка (((O))) якраз прадставіў трэк «Лысы» — электронную апрацоўку вядомага танца, зграную супольна з дударом Яўгенам Барышнікавым.

Іншыя намінанты ўзнагарод Experty.by будуць абвешчаныя пазней.

Experty.by назавуць беларускі Альбом года ў сакавіку >>>

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?