Missoni — італьянскі брэнд люксавага сегмента рынку, які спецыялізуецца на вытворчасці мужчынскага, жаночага і дзіцячага адзення, абутку і аксэсуараў. Таксама выпускае купальнікі, мэблю, тэкстыль і парфумерыю.

Прыхільнікамі брэнда Missoni з'яўляюцца Кэмеран Дыяз, Кейт Мідлтан, Демі Мур, Ален Дэлон, Джэніфер Лопэс, Сіндзі Кроўфард, Шэран Стоўн, Элтан Джон, Джулія Робертс, Джоні Дэп, Мэл Гібсан, Стывен Спілберг, Лайза Мінэлі, Катрын Дэнёў і інш.

Крыху гісторыі. У 1953 г. Атавіа і Разіта Місоні на першым паверсе свайго дома стварылі невялікую вязальную майстэрню і распачалі выпуск паласатых трыкатажных тканін. У 1966 г. афіцыйна зарэгістравалі брэнд. У 1970-х гг. трыкатаж Missoni быў прызнаны экспертамі лепшым дызайнерскім матэрыялам. Калекцыі брэнда выстаўляліся ў музеях Metropolitan Museum of Art у Нью-Ёрку і Museum of Costume у Вялікабрытаніі.

У 2014 г. Missoni стварылі анлайн-буцік, і набыць іх прадукцыю стала магчымым амаль у 100 краінах свету.

Цяпер брэнд належыць Valentino Group.

Што характэрна для шмат якіх сусветна знакамітых брэндаў, Missoni пачыналі сваё развіццё з зусім нялюксавай прадукцыі — тканін для спартыўных касцюмаў. Атавіа быў прафесійным спартоўцам, яму належаць 8 нацыянальных спартыўных узнагарод па лёгкай атлетыцы.

Поспех свайго прадпрыемства ўладальнікі Missoni бачаць у вынаходніцтве лёгка пазнавальнага, унікальнага стылю, у аснове якога ляжыць усяго толькі выява зігзага.

Зігзаг аказаўся настолькі эмацыйна моцным знакам, што забяспечыў кампаніі поспех на працягу больш чым 60 гадоў. Далейшае развіццё брэнда разглядаецца ў напрамку захавання гэтага фірмовага знака з мінімальнымі зменамі па аднаўленні штогод. Тыражаванне зігзага прынесла фірме любоў моднікаў з усяго свету, і адмаўляцца ад гэтай лініі было б дзіўна.

Кампанія супрацоўнічае з вытворцамі дызайнерскіх прадуктаў, заключае кантракты на лімітаваныя серыі з выкарыстаннем іх фірмовага ўзору. На рахунку Missoni эксклюзіўныя калекцыі крэслаў, капсульная калекцыя жаночых наручных гадзіннікаў для ToyWatch, дарожныя аксэсуары для маркі Bric's, капсульная калекцыя дзіцячых калясак Bugaboo, ніжняя бялізна, абутак і нават чахол з зігзагападобнымі прынтамі для бутэлек мінеральнай вады S.Pellegrino.

Ідэя эксплуатаваць зігзаг належыць Разіце і з’явілася не адразу, але менавіта дзякуючы гэтаму малюнку Missoni стаў неверагодна папулярным і знакамітым. Да яго з'яўлення кампанія вырабляла паласатыя тканіны і не была шырока вядомая. Паспрыяў поспеху і скандал з мадэлямі, што выйшлі на подыум у сукенках Missoni без станікаў.

Новыя перспектывы бізнесу адкрыліся для брэнда ў 2005 г. — кампанія Missoni падпісала кантракт з кампаніяй Rezidor SAS на будаўніцтва гатэляў.

У 2009 г. Missoni адкрылі свой першы пяцізоркавы гатэль у Эдынбургу, Шатландыя. У афармленні гатэля выкарыстаны фірмовыя ўзоры тканін уласнага брэнда, а таксама мэбля і аксэсуары сусветна знакамітых дызайнераў, такіх як Марсэль Вандэрс, Ээра Саарынен і Арнэ Якабсэн. Рэстаран гатэля ўпрыгожвае шкляны і парцалянавы посуд Missoni.

Канцэпцыю стылю яны па-майстэрску пераўтварылі ў канцэпцыю гасціннасці.

Наступныя гатэлі былі адкрытыя ў Амане, Бразіліі, Турцыі і Кувейце. Толькі лепшыя віды на узбярэжжа і кошты ад 280 еўра.

Тут самы час пагаварыць пра сваё. Самабытныя, родныя тканіны, раскіданыя па этнаграфічных музеях і вёсках, чакаюць не толькі рэдкіх візітаў у музеі, але і пэўных крокаў па адраджэнні з выкарыстаннем сучасных метадаў брэндавання. Сорамна імпартаваць замежнае, калі маем такое ж сваё.

***

Чытайце таксама: Ручнік супраць Burberry. Час наступаць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?