«Барысаў-Арэна» ўвайшла ў дзясятку лепшых стадыёнаў планеты, уведзеных у строй у 2014 годзе. Такі вынік штогадовага конкурсу, які праводзіць сайт StadiumDB.com.

borisov-arena.by

borisov-arena.by

Новы барысаўскі стадыён толькі футбольны, умяшчае 13 тыс. гледачоў, заняў 7-е месца, набраўшы 63 371 бал. У тройку найлепшых спартыўных арэн увайшлі «Allianz Parque» (Сан-Паўлу, Бразілія; умяшчальнасць 43 600 гледачоў), «San Mames Barria» (Більбаа, Іспанія; 52 289) і «Адкрыццё Арэна» (Масква, Расія; 45 000). У галасаванні прынялі ўдзел амаль 97 тыс. чалавек са 136 краін, якія ацэньвалі якасць 32 стадыёнаў з усяго свету.

«Барысаў-Арэна», спраектаваная славенскай кампаніяй Ofis Arhitekti, першы беларускі стадыён, які трапіў у лік удзельнікаў гэтага прэстыжнага конкурсу. Будаўніцтва арэны коштам амаль 50 млн еўра пачалося ў лістападзе 2010 года, а першы матч на яго футбольным полі быў праведзены 3 мая 2014 года, калі ў фінале розыгрышу Кубка Беларусі салігорскі «Шахцёр» абыграў гродзенскі «Нёман» (1:0). У мінулым сезоне на «Барысаў-Арэну» прыпала вельмі вялікая нагрузка: акрамя яе гаспадароў футбалістаў БАТЭ, якія праводзілі гульні чэмпіянату Беларусі і Лігі чэмпіёнаў, на ёй гуляла мінскае «Дынама», якое праводзіла сустрэчы групавога этапу Лігі Еўропы, а таксама нацыянальная зборная Беларусі. Паводле водгукаў удзельнікаў матчаў, афіцыйных прадстаўнікоў міжнародных футбольных структур і балельшчыкаў, работнікі «Барысаў-Арэны» выдатна справіліся са сваімі задачамі, забяспечыўшы цудоўныя ўмовы для ўсіх гасцей. Па класіфікацыі Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) «Барысаў-Арэна» мае вышэйшую, чацвёртую, катэгорыю, што дае ёй магчымасць прымаць спаборніцтвы самага высокага ўзроўню.

У гэтым годзе барысаўчане не збіраюцца апускаць планку і рыхтуюцца гасцінна сустрэць спартсменаў і гледачоў. Плануецца, што новы футбольны сезон на «Барысаў-Арэне» адкрыецца 21 сакавіка чвэрцьфінальнай гульнёй розыгрышу Кубка Беларусі, у якім барысаўскі БАТЭ прыме фіналіста мінулага кубкавага турніру гродзенскі «Нёман».

Акрамя наведвання футбольных матчаў і іншых відовішчных мерапрыемстваў наведвальнікі «Барысаў-Арэны» могуць скарыстацца трэнажорнай залай, фітнес- і дзіцячым гульнявым цэнтрамі, пазаймацца ў студыі танцаў, узяць напракат спартыўны інвентар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?