Сховішча нафты ў Кастынгу, штат Аклахома. Фота з кнігі Principles of Marketing, J.Tanner/M.A. Raymond
Апошнія сем тыдняў ЗША штодзень выраблялі і імпартавалі на мільён барэляў больш, чым спажывалі. Сховішчы нафты запоўніліся да найвышэйшай рысы за апошнія 80 год, паведамляе Associated Press.
Такімі тэмпамі сховішчы нафты ў сярэдзіне красавіка будуць запоўненыя да сваіх аперацыйных лімітаў.
Здабыча нафты толькі павялічваецца. Амерыканскія кампаніі спыняюць новыя бурэнні, але не стануць змяншаць пастаўкі да канца года. Новыя месцы здабычы даюць у выніку апрацоўкі лёгкую сырую нафту, экспарт якой абмежаваны федэральным законам. Іншыя краіны праз цяжкія эканамічныя ўмовы ахвотна прадаюць нафту ў ЗША. Праз нізкія цэны і нізкае сезоннае спажыванне інвестары ахвотна купляюць нафту, спадзяючыся на рост цэн у канцы года.
Праз перапаўненне сховішчаў цана на нафту можа абрушыцца да значна ніжэйшых за сённяшнія значэнні.
Галава дэпартамента даследавання тавараў Citibank Эд Морзэ прадказаў на сімпозіуме Рады па міжнародных адносінах у Нью-Ёрку падзенне цаны на нафту з 50 да 20 даляраў за барэль у выпадку перапаўнення сховішчаў.