Беларускія лясы ў прыватную ўласнасць прадаваць не будуць, заявіў на прэс-канферэнцыі 5 сакавіка ў Мінску міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч. Прэс-канферэнцыя была прысвечаная ўкараненню ў краіне фінскага вопыту вядзення лясной гаспадаркі. 

«Лясы ў Беларусі належаць дзяржаве. І артыкула пра магчымасць іх перадачы ў прыватную ўласнасць у новай рэдакцыі Ляснога кодэкса не будзе», — сказаў міністр. 

Ён паведаміў, што ў Фінляндыі 60% лясоў знаходзяцца ў прыватнай уласнасці, 26% — дзяржаўнай, 9% — ва ўласнасці прамысловых кампаній, 5% — іншых арганізацый. 

«Калі ў Фінляндыі прыярытэт аддаецца камерцыйным прынцыпам вядзення лясной гаспадаркі, яны стараюцца атрымаць максімальны даход ад лясоў, улічваючы экалагічныя і сацыяльныя аспекты, то ў нас прыярытэтам вядзення лясной гаспадаркі з'яўляецца экалагічны складнік, які дамінуе над камерцыйным. Таму ўсе высечкі догляду — планавыя. Мы тут не вымаем прыбыткі, а ставім мэту — вырасціць нашы лясы, атрымаць прадуктыўныя лясы, лясы будучыні», — адзначыў кіраўнік ведамства. 

Па фінскім прыкладзе плануецца пашыраць аказанне паслуг на камерцыйнай аснове. «Мы сёлета будзем пераглядаць шэраг нарматыўных дакументаў, каб перайсці на вопыт Фінляндыі па адводзе і таксацыі лесасек. Гэта дасць вялікі эканамічны эфект, бо сёння шмат фінансавых і людскіх затрат накіроўваецца на гэтыя работы», — адзначыў Амельяновіч. Паводле яго слоў, у Фінляндыі адмежаванне, здымка і матэрыяльна-грашовая ацэнка лясоў не праводзіцца. Там участак, на якім трэба правесці высечку дрэў, вызначае аператар лясных машын ці вальшчык, які прайшоў вучобу па асновах лесаводства. 

Акрамя гэтага, адзначыў міністр, у Фінляндыі 100% лесагаспадарчых і лесанарыхтоўчых высечак праводзяць лесаводчыя асацыяцыі. У Беларусі гэтым займаюцца самі лясгасы. «У апошнія гады мы ўзялі курс на перадачу паслуг пры лесанарыхтоўцы і іншых работах у лесе. У 2014 годзе аб'ём такіх паслуг вырас амаль у два разы да 2,5 млн кубаметраў, з іх 1,5 млн кубаметраў было ўбрана механізаваным спосабам. І далей мы будзем да гэтай працы прыцягваць іншыя арганізацыі і спрыяць развіццю гэтага бізнесу не толькі на лесанарыхтоўках, але і на лесагаспадарчых працах — пасадцы і доглядзе за ляснымі культурамі, правядзенні высечак догляд», — сказаў Амельяновіч. 

«У лісце на імя кіраўніка дзяржавы апісалі ўсе падыходы, якія мы будзем ажыццяўляць у плане пераходу на фінскую мадэль. Распісалі ў плане мерапрыемстваў да 2020 года, па якіх кірунках будзем набліжацца да фінскага вопыту вядзення лясной гаспадаркі. Але гэта не маментальнае дзеянне, за год мы не зможам перайсці на ўсе гэтыя тэхналогіі і мадэлі. Гэта працяглы працэс, і кіраўнік дзяржавы з такім падыходам пагадзіўся», — паведаміў міністр. 

На яго думку, «самае галоўнае ў новай мадэлі — гэта перапрацоўка драўніны». «Калі ўся драўніна будзе перапрацоўвацца ў нашай краіне, то мы будзем мець вялікі эканамічны эфект. У Фінляндыі такой прадукцыі выпускаецца на 19 млрд долараў. Тут у нас вялікае адставанне. Наш штогадовы рэсурс у 19 млн кубаметраў наша прамысловасць пакуль не можа перапрацаваць», — адзначыў Амельяновч. Ён нагадаў, што з 1 студзеня 2016 года планавалася забараніць экспарт круглых лесаматэрыялаў, аднак ініцыюецца пытанне пра дазвол і пасля гэтай даты пастаўляць іх на экспарт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?