Жоўтыя ліхтарыкі на вокнах мільгацяць часта і несінхронна, слепяць вочы. Пераводжу позірк на падлогу. Дарэчы, падлога ў гэтай кавярні засталася старая, савецкая, з часоў, калі тут быў пункт прыёму пустых бутэлек.

Мы з сябрам замовілі па келіху чырвонага віна і сядзім побач на цвёрдай лавачцы ля вокнаў, павярнуўшыся спінаю да вуліцы. А там — мокры сакавіцкі вечар прабіраецца паміж гаражамі, ахінае праспект; густы туман паглынае тэлевежу ў чорным небе над Мінскам.

Публіка ў кавярні заўсёды аднолькавая. І я завітваю туды раз на тыдзень, як усе. Колькі ні зойдзеш — на вочы трапляюцца адны і тыя ж прыгожыя твары. Усе гэтыя людзі добра апранутыя (відаць, што вопратка набытая не ў ЦУМе), у галасах — памяркоўная самавітасць, жэсты — вытанчаныя. Падаецца, што кожны свой крок, кожны рух яны прадумваюць загадзя, прыкідваюць, як будуць глядзецца лепей: з кавай і планшэтам альбо са шкляначкай фрэшу і блакнотам. Сюды абсалютна нельга прыйсці ў бруднай кашулі, каб проста паглядзець у стол і падумаць пра невыносную цяжкасць жыцця — такія паводзіны не адпавядаюць тутэйшым канонам. Ты мусіш быць камунікабельным, мець знаёмых у пэўных крэатыўна-багемных сталічных колах, шмат не піць і распавядаць аб праектах са стартапамі. І не забывацца на шалік ад папулярнага беларускага дызайнера! Размаўляць пажадана па-беларуску, можна і па-ангельску, канечне. А як жа вунь тая даволі прывабная дзяўчына ў закутку знаходзіць паразуменне з замежным «чалавекам мастацтва» у гадах?!

Творчая атмасфера — яна такая.

Неўзабаве заўважаю вельмі юную персону — велізарныя цёмныя вочы на бледным твары, прыйшла з крыху старэйшымі за яе сяброўкамі. Яны нічога не замаўляюць у бары — проста сядаюць за столік. Дзяўчына дастае з торбы сшытак, разгортвае першую старонку — мне бачна з майго месца — залівіста смяецца. Круціць у паветры асадкай, не датыкаючыся бялюткае паперы. Асадка ў тонкіх пальцах выпісвае віражы над пустым сшыткам, як самалёт-знішчальнік над полем.

І вось тут я зразумела, што бачу перад сабою ідэю пакалення. Так, на першы погляд — дробязь, але ў ёй адкрываецца цудоўны вобраз сучаснай беларускай моладзі: ёсць ШТОСЬЦІ, ёсць пачатак думкі, першы радок аповесці, першая нота песні, адна фарба, якой трэба стварыць суцэльны малюнак.

У прыхаваных, зашмальцаваных штодзённасцю слаях нашага маладога розуму нараджаецца вялікая Думка сучаснасці. Але ў гэтай свежай і моцнай плыні ёсць вораг: не ўлада ды цэнзура, не абывацелі, не гопнікі з Аўтаза і не дзябёлыя кантралёркі ў грамадскім транспарце (усё тое, што так не любіць наш крэатыўны клас!). Не.

Галоўны і бязлітасны вораг сапраўды свабоднае Думкі — тэндэнцыя.

Калі што-небудзь робіцца модным, трэндавым, то ў яго ёсць адзіны магчымы шлях — кульмінацыя папулярнасці, а потым — забыццё. Зразумела, мы можам выцягнуць старое са стосу гісторыі, толькі навошта яно нам, пад сантыметрамі пылу? Ці будзе яно натхняць нас?

Чалавек, які добра ведае гісторыю мастацтва (ды й гісторыю ўвогуле), ведае пра яе цыклічнасць. А чалавек з яскравымі інтэлектуальнымі здольнасцямі (а сярод беларусаў такіх нямала), таксама разумее: у думках тых, хто заўжды ішоў ў культурным авангардзе свайго веку, ніколі не было месца для вартай жалю імітацыі.

Асабліва бачна гэта ў літаратуры. Сучасная беларуская літаратура — надта цікавае асяроддзе. Пісьменнікі час ад часу заходзяць у кавярні накшталт той, дзе мы цяпер знаходзімся. Уся нармальная стылёвая моладзь у густоўнай вопратцы тут мае магчымасць хоць на хвіліначку ўбачыць свайго куміра, можа нават выпіць з ім кавы — які гонар! Мы прагнем дакрануцца да полымя, але не маем запалак, ці наадварот — запалкі ёсць, але полымя нас не цікавіць. Расчарую ўсіх: а полымя тут няма і ніколі не было! Чысты прамень, крыніца, незабруджаная тэндэнцыйным смеццем, знаходзіцца там, куды «элітарныя» дзеячы культуры нават не паварочваюць галавы. Ім так камфортна ў цесным пакойчыку элітарнасці, дзе пасярэдзіне ўзвышаецца іх уласны бюст, ззяе самаварным золатам спакойна аддадзены за чызкейкі талент.

Мой чытач (магчыма, адзін з наведвальнікаў кавярні) усміхнецца ды пакпіць з мяне: маўляў, а які варыянт лепшы?

Сёння ў інфармацыйнай прасторы Беларусі не так многа выбітных літаратараў. Тэндэнцыя ёсць. Няма твору, які вызначыў бы пакаленне. Нашае пакаленне.

Толькі выйшаўшы з-пад ценю сваёй элітарнай выбранасці, айчынныя аўтары маюць шанец шэдэўры новай беларускай літаратуры.

І я лічу, што, каб пісаць пра «фрыкаў» і гэтак рашуча рабіць высновы, трэба спачатку з імі патусіць на Цэнтральным у пятніцу вечарам.

Я супраць раскладвання людзей «па паліцах», супраць умоўнай класіфікацыі свайго ж народу. Сапраўдны мастак адчувае разнастайнасць і непаўторнасць кожнага асобна ўзятага чалавека, з якім сустракаецца на шляху жыцця, убірае ягоныя рысы, атаясамлівае сябе з ім і пры гэтым захоўвае ўласную аўтэнтычнасць. Складана, праўда? Але, седзячы ў мармуровай вежы і цураючыся, хоць часам не самых прыгожых, але праўдзівых праяў рэчаіснасці, аўтар робіцца пародыяй, адной вялікай цытатай самога сябе.

Выйсцем з такога сумнага становішча, на мой суб’ектыўны погляд, з’яўляецца адмаўленне ад тэндэнцыі. Адмаўленне прымаць на веру ўсё, што настойліва падсоўвае нам мэйнстрым. Груба кажучы, калі штосьці моднае ў гэтым сезоне — рабі з дакладнасцю наадварот! Мэйнстрым паглынае нават самых разумных.

…У мяне няма ні срэбных бранзалетаў Pandora, ні засаленага шаўрона з «Пагоняй», а ёсць бясконцая цікаўнасць да беларусаў, да іх сутнасці. Замілаванне, якое ўзнікла не на пустым месцы. Зразумець і адчуць народ — цяжкая ўнутраная праца душы. Памятаеце, «не позволяй душе лениться»?

Надоечы зайшла ў занядбанае кафэ ля Камароўкі, там як раз адзначаў карпарытыў працоўны цэх нейкага завода. Падаецца, гэта і ёсць тыя людзі, што посцяць коцікаў у Аднакласніках, заўзятыя падпісанты прарасейскіх паблікаў, «вата», адным словам. І ведаеце што? Яны ўсе разам спявалі «Ще не вмерла Украіна». Як карысна бывае парваць шаблоны, закладзеныя ў інтэлігенцкай падсвядомасці!..

Фразу «рэалізм зусім даканаў» звычайна кажуць асобы, чый рэалізм не выходзіць за межы нядаўна адчыненай бутэрброднай.

Звяртаючыся да чытачоў: хочацца зазначыць сапраўды пазітыўны момант — цікаўнасць да літаратуры ў апошні час значна ўзрасла сярод моладзі. Але застаецца і падуладнасць тэндэнцыі. Важна памятаць, што мода, якой добрай яна ні была б — найкарацейшы шлях згубіць індывідуальнасць.

Пакуль што ўсе мы — асадка ў руках гісторыі ці чысты аркуш паперы. Tabula rasa.

Калі мы хочам быць свабоднымі, мы павінны пачаць ДУМАЦЬ свабодна, кожны дзень прапускаючы ўвесь паток інфармацыі праз прызму крытычнага мыслення. Гэтаму неабходна вучыцца.

ДУМАЮЧЫ, мы пазбегнем страшэнных трагедый і пакінем свой след у Сусвеце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?