Цэнтр падтрымкі людзей з наркатычнай залежнасцю адкрыты ў Мінску пры падтрымцы Беларускага грамадскага аб'яднання «Пазітыўны рух».

Як паведаміў 11 сакавіка на адкрыцці цэнтра яго каардынатар Вячаслаў Самарын, цэнтр створаны з мэтай абмежавання распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі сярод людзей, якія ўжываюць наркотыкі, а таксама іх уцягвання ў комплексную праграму рэабілітацыі і папярэджання цяжкіх форм сацыяльнай дэзадаптацыі.

Нарказалежным будзе дадзенае памяшканне для альтэрнатыўнага наркаспажыванню баўлення часу. Ім таксама будзе прапанавана прайсці экспрэс-тэст на ВІЧ і вірусны гепатыт і дадзеная інфармацыя аб працы ананімных кансультатыўных пунктаў. 

Для вызначэння аптымальных форм неабходнай наркаспажыўцам дапамогі і прафілактычнай працы работнікі цэнтра будуць вывучаць ступень іх уцягнутасці ў наркаспажыванне. «Мы будзем аналізаваць, колькі чалавек ужывае, што ўжывае, ці былі спробы спыніць, чым яны скончыліся, што перашкаджае, што трэба ад нас», — растлумачыў Самарын. 

У перспектыве ў цэнтры плануецца стварыць карэкцыйныя групы для падлеткаў з груп рызыкі, а таксама групы для блізкіх сваякоў нарказалежных людзей. 

Цэнтр працуе з 12.00 да 20.00. У ім дзяжураць менеджар, два сацыяльныя работнікі, псіхолаг або кансультант па залежнасцях. З цэнтрам супрацоўнічаюць 17 аўтрыч-работнікаў, якія распаўсюджваюць інфармацыю пра яго непасрэдна сярод наркаспажыўцоў. Апрача таго, кліенты цэнтра могуць быць накіраваныя да юрыстаў і ўрачоў рознай спецыялізацыі, якія працуюць аддалена.

У цэнтры дзейнічаюць шэраг правілаў: забаронена ўжываць або праносіць псіхаактыўныя рэчывы, у тым ліку слабаалкагольныя напоі, неабходна паважліва ставіцца да персаналу і даваць праўдзівую інфармацыю аб сваёй жыццёвай сітуацыі.

Цэнтр знаходзіцца на вуліцы Матусевіча, 12-107, у будынку былога дзіцячага садка. Усе паслугі ў ім аказваюць ананімна і бясплатна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?