Вясна ў Беларусі чакаецца больш цёплай, чым звычайна, паведаміў на прэс-канферэнцыі 11 сакавіка ў Мінску начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў. 

фота Юліі Бальцэвіч

«Сёлета сакавік будзе больш цёплым, чым звычайна, ападкі — блізу кліматычнай нормы. Калі казаць у цэлым пра вясну, то яна сёлета таксама чакаецца больш цёплай, чым звычайна, сярэднесезонная тэмпература паветра — вышэйшая за кліматычную норму», — зазначыў сіноптык. 

Паводле яго слоў, на наступным тыдні, 16—17 сакавіка, «уладу пад надвор'ем возьме чарговы цыклон, надвор'е будзе спрыяльнае, будзе свяціць сонца, тэмпература днём плюс 5—10°С, месцамі да плюс 12°С». «Наступны тыдзень чакаецца даволі камфортным. Але, на жаль, паводле папярэдніх звестак, 20 сакавіка надвор'е сапсуецца, да краіны падыдзе цыклон. Чакаюцца ападкі рознай інтэнсіўнасці», — паведаміў Рабаў. 

Ён таксама зазначыў, што студзень сёлета быў даволі вільготным, а люты — вельмі сухім. Такі люты бывае прыкладна адзін раз на 12 гадоў. Не было гэтай зімой і працяглых моцных маразоў.

«Вясна сёлета наступіла даволі рана. На большай частцы тэрыторыі краіны — 19-20 лютага, на адзін месяц раней, а па паўднёвым захадзе — у пачатку лютага, што на два месяцы раней за звычайныя тэрміны», — сказаў Рабаў. 

Паводле яго слоў, тэмпература паветра ў першай дэкадзе сакавіка была на 6—8 градусаў вышэйшай за кліматычную норму. «Так цёпла ў першай дэкадзе сакавіка бывае прыкладна адзін раз на 15—20 гадоў. Ападкаў выпала 97% ад нормы, але яны размяркоўваліся нераўнамерна, больш за ўсё — па Магілёўскай вобласці», — зазначыў сіноптык.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру