Ігар Барысаў, фота www.bsdp.org.
На кватэру да Ігара Барысава раніцай 12 сакавіка прыйшлі 6 міліцыянтаў. У іх была пастанова на агляд памяшкання.
Як паведаміў магілёўскі журналіст Алесь Буракоў, справа тычыцца матэрыялу на сайце «Наш Магілёў» «Дырэктар ААТ «Стужка» прайграў у казіно кватэру і акцыі прадпрыемства».
Тэкст быў апублікаваны яшчэ 8 студзеня 2015. Гендырэктар прадпрыемства напісаў заяву за паклёп у міліцыю. Прызначылі праверку.
З кватэры Барысава забралі тры камп'ютары, мадэм і нататнік. Пасля міліцыянты скіраваліся на прыватную кватэру, якую пад офіс выкарыстоўваюць праваабаронцы-вясноўцы. Працуе адтуль і Барысаў.
Па словах Алеся Буракова, калі праваабаронцы прыехалі на кватэру ад Барысава, на ўваходзе іх ужо чакалі тыя ж міліцыянты з работнікамі ЖКГ. Яны маюць намер забраць камп’ютары ў межах крымінальнай справы за паклёп.
Ігару Барысаву 32 гады. Ён скончыў Беларуска-расійскі ўніверсітэт у Магілёве і ЕГУ ў Вільні. Па адукацыі — інжынер-электрык і палітолаг. З’яўляецца намеснікам старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Жанаты, гадуе дачку.
Сайт «Наш Магілёў» паўстаў на базе аднайменнай газеты. Але пасля 73 нумароў папяровае выданне перастала выходзіць, а сайт працягнуў працу. З 2009 па 2011 не функцыянаваў. На сайце пішуць пра навіны горада, яго праблемы. Не абмінаюць і палітычныя тэмы. Матэрыялы друкуюцца на рускай і беларускай мовах.