Гаворка ідзе пра базу Камрань, якая выкарыстоўвалася ў часы СССР.
Улады ЗША накіравалі В'етнаму запыт з просьбай спыніць прадастаўляць ваенную базу Камрань расійскім бамбавікам — носьбітам ядзернай зброі для дазапраўкі, дакладвае Reuters са спасылкай на прадстаўніка Дзярждэпартамента ЗША, піша РІА «Новості».
«Мы папрасілі ў в'етнамскіх уладаў гарантый, што Расія не можа выкарыстоўваць свой доступ да бухты Камрань для ажыццяўлення дзейнасці, здольнай узмацніць напружанасць у рэгіёне», — перадаў суразмоўца агенцтва.
Кіраўнік Ціхаакіянскага камандавання сухапутных войскаў ЗША генерал Вінцэнт Брукс паведаміў агенцтву, што расейскія бамбардзіроўшчыкі здзяйснялі «правакацыйныя» палёты ў рэгіёне і былі заўважаныя, у прыватнасці, вакол тэрыторыі вострава Гуам у Ціхім акіяне, дзе знаходзіцца буйная авіябаза ЗША.
Па словах Брукса, расійскія самалёты, што кружлялі вакол Гуама, дазапраўляўся з дапамогай расійскіх самалётаў-палівазапраўшчыкаў, якія выляталі з бухты Камрань. Паводле яго слоў, усе палёты зафіксаваныя пасля далучэння Крыма да Расіі ў сакавіку 2014 года. Брукс не ўдакладніў, калі менавіта былі зафіксаваныя палёты і колькі іх было, таксама ён не сказаў, якія менавіта самалёты іх ажыццяўлялі. Пра рэакцыю Ханоя на патрабаванне Вашынгтона пакуль не паведамляецца.
Ваенная база Камрань знаходзіцца на ўсходзе В'етнама — у аднайменнай бухце на беразе Паўднёва-Кітайскага мора. Падчас В'етнамскае вайны Камрань апынулася на тэрыторыі Паўднёвага В'етнама, падтрымлівалася амерыканцамі і была буйной тылавой базай ЗША. Амерыканскія вайскоўцы пабудавалі там аэрадром і порт. 3 красавіка 1975 года горад узяла паўночнав'етнамская армія, а праз два месяцы пасля заканчэння вайны, у траўні 1979 года, СССР і В'етнам падпісалі пагадненне аб выкарыстанні порта Камрань савецкім ваенна-марскім флотам тэрмінам на 25 гадоў і з бязвыплатнай арэндай. Пасля там была створана найбуйнейшая замежная савецкая ваенная база.
У 2001 годзе кіраўніцтва Расеі прыняло рашэнне не падаўжаць дамову з В'етнамам і датэрмінова эвакуіраваць базу. У 2002 годзе кіраўнік МЗС Расіі Ігар Іваноў заявіў, што на працягу дзесяці гадоў ВМФ Расіі не выходзіў ў Індыйскі акіян і не карыстаўся паслугамі ваенна-марской базы. Апошнія расійскія вайскоўцы пакінулі Камрань у маі 2002 года. У 2004 годзе частка базы была рэканструявана, і адкрыўся грамадзянскі аэрапорт. Са снежня 2009 года аэрапорт мае статус міжнароднага.
У лістападзе 2013 прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і прэзідэнт В'етнама Чыонг Тан Шанг падпісалі пагадненне аб стварэнні сумеснай базы для абслугоўвання і рамонту падлодак у Камрані. Мінабароны Расіі ў студзені 2015 паведаміла, што ў 2014 годзе аэрадром Камрань упершыню быў выкарыстаны для пасадкі самалётаў Іл-78, якія забяспечылі дазапраўку палівам у паветры самалётаў Ту-95МС.