Пасля працяглай паўзы ўзнаўляем нашыя кінапаказы! Гэтым разам — гістарычны фільм «Лютэр».
Паглядзець на апошнюю акцёрскую працу знакамітага сэра Пітэра Ўсцінава, адчуць подых XVI ст. і даведацца, якая сувязь паміж Марцінам Лютэрам і Вялікім Княствам Літоўскім вы зможаце на паказе, які адбудзецца 12 сакавіка у бізнэс-цэнтры IMAGURU (Фабрыцыуса 4, пяць хвілін ад ст. м. Інстытут Культуры). Пачатак а 19 гадзіне.
Пра што ж кіно?
«Лютэр» — біяграфічны фільм пра жыццё і дзейнасць вялікага рэфарматара XVI ст. Марціна Лютэра. Яго спроба рэфармаваць Каталіцкую царкву прывяла да стварэння новай хрысціянскай канфесіі і пераменаў ва ўсім свеце. Залаты век нашай краіны таксама непарыўна звязаны з рэформамі Марціна Лютэра. Евангельскую веру вызнавалі найвялікшыя постаці Беларусі XVI ст., такія як Мікалай Радзівіл Чорны і Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і Астафій Валовіч. Сёння ж больш за 800 мільёнаў чалавек па ўсім свеце называюць сябе пратэстантамі — спадкаемцамі веры Лютэра.
А пачалося гэта ў далёкім 1517 годзе, калі малады прафесар багаслоўя прыбіў да дзвярэй Вітэнбергскага сабора «95 тэзісаў супраць індульгенцый»…
Фільм распавядае пра шлях Марціна Лютэра ад яго пакаяння ў 1505 годзе да Аўсбургскага Рэйхстага 1530 года, калі нямецкія князі публічна вызналі сябе евангельскімі хрысціянамі.
Праз высокую дакладнасць і падрабязнасць апісаных падзей, фільм рэкамендаваны для навучальных мэтаў.
Гэты фільм — апошняя праца знакамітага брытанскага акцёра сэра Пітэра Усцінава.