На сённяшніх перамовах па візавых пагадненні Беларусь спадзяецца дадаткова зблізіць свае пазіцыі з Еўрасаюзам, заявіў 12 сакавіка на брыфінгу прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дзмітрый Мірончык.

рэці раўнд перамоў па праекце пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС праходзіць 12 сакавіка ў Мінску. Паводле слоў Мірончыка, з беларускага боку ў іх удзельнічаюць прадстаўнікі галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС і дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС, з боку ЕС — прадстаўнікі генеральнага дырэктарата па ўнутраных справах Еўракамісіі.

«Беларускі бок спадзяецца дадаткова зблізіць пазіцыі нашай краіны і партнёраў з ЕС па праекце адпаведнага пагаднення, узгадніць шэраг палажэнняў, якія раней выклікалі пытанні», — сказаў прэс-сакратар.

Ён нагадаў, што папярэднія раўнды кансультацый на экспертным узроўні паміж прадстаўнікамі Беларусі і ЕС па пытанні спрашчэння візавых працэдур прайшлі ў чэрвені і лістападзе 2014 года.

На просьбу журналістаў прывесці прыклады палажэнняў пагаднення, якія выклікаюць пытанні, Дзмітрый Мірончык адказаў: «Я такія прыклады раней ужо прыводзіў, давайце не будзем гаварыць пад руку ўдзельнікам перамоў. Яны цяпер працуюць».

Як паведамлялася, 9 сакавіка прадстаўнік Еўракамісіі таксама выказаў надзею на тое, што падчас мінскіх перамоў бакам удасца дамовіцца па ўсіх нявырашаных пытаннях. Пры гэтым у Еўракамісіі таксама не сталі каментаваць ход перамоўнага працэсу.

Нагадаем, 3 сакавіка намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына заявіла журналістам, што адным з пытанняў, па якіх не дасягнута разуменне з еўрапейскімі партнёрамі, з'яўляюцца бязвізавыя паездкі па дыпламатычных пашпартах і паездкі членаў афіцыйных дэлегацый. 

Цяпер, сказала Купчына, у ЕС ідуць дыскусіі аб новай пазіцыі на перамовах з Беларуссю. «Ці будзе перагледжаны мандат (дзейны цяпер мандат дэлегацыі ЕС не прадугледжвае перамовы па бязвізавых паездках для ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў) — вырашаць Еўрасаюзу», — падкрэсліла яна.

Купчына таксама адзначыла, што ў перамовах з беларускага боку будзе ўдзельнічаць начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Ігар Фісенка і начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун. Перамовы будуць прысвечаны двум пагадненням — аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі. 

«Спадзяемся, што падчас кансультацый удасца дасягнуць поспеху. Чакаем зрухаў з еўрапейскага боку па шэрагу пытанняў», — сказала Купчына. Яна не выключыла, што пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі могуць быць парафіраваны на саміце Усходняга партнёрства ў Рызе ў канцы мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?