Спачатку Васіль Жарко ўзгадаў поспехі ў стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі:

«Мы наблізіліся да змыкання дэмаграфічных нажніц. Каэфіцыент натуральнага змяншэння насельніцтва склаў -0,3 на тысячу чалавек. А ў Мінскай і Брэсцкай абласцях назіраецца рост насельніцтва.

У апошнія тры гады смяротнасць людзей працаздольнага ўзросту знізілася ад 3,3% у Мінскай да 8% у Гродзенскай вобласці, (…) а па дзіцячай смяротнасці (4,6 на 1000) мы лепшыя сярод краін СНД і апераджаем Бельгію, Германію, Нідэрланды», — сказаў ён.

Праз дзяржаўную праграму ранняга выяўлення раку колькасць выяўленых анкалагічных хворых падчас прафілактычных аглядаў павялічылася на 20%. Пры гэтым смяротнасць анкахворых знізілася, а 5-гадовая выжывальнасць павысілася.

Паводле міністра, па ўзроўні даступнасці медыцынскай дапамогі Беларусь займае адно з першых месцаў у свеце, дзелячы яго з Брунэем і Канадай.

Яшчэ адной гарачай тэмай для абмеркавання стала пастанова №66 Міністэрства аховы здароўя аб парадку водпуску рэцэптурных прэпаратаў.

Жарко ўхваліў вынікі пастановы, сказаўшы, што паток людзей у аптэкі знізіўся, а «запасы антыбіётыкаў больш не ляжаць у шафах»: «Не фармацэўты, знаёмыя і інтэрнэт мусяць займацца лячэннем, а ўрач. Галава можа балець ад стомленасці, ад стрэсу, ад мігрэні, а можа быць перадінсультны стан, а можа быць пухліна».

Жарко паведаміў, што «99% дзяржаўных і камерцыйных аптэк выконваюць пастанову сумленна».

Аднак за парушэнні парадку водпуску лекаў толькі ў 2015 годзе Мінздароўя прыпыніла працу каля 20 аптэк.

Міністр таксама заявіў, што адной з галоўных задач Міністэрства аховы здароўя зрабіць лекі даступнымі для беларусаў.

У 2014 годзе доля беларускіх прэпаратаў, закупленых Міністэрствам аховы здароўя, склала 37%. Аднак Лукашэнка паставіў перад міністэрствам задачу давесці гэты паказчык да 50%, на што і будзе накіравана праца 28 беларускіх фармацэўтычных прадпрыемстваў. Толькі ў гэтым годзе плануецца выпусціць больш за 100 найменняў лекаў беларускай вытворчасці, а вялікі акцэнт будзе зроблены на выраб айчынных анкапрэпаратаў.

Пры гэтым Жарко запэўніў, што выбар вытворцы застаецца за пацыентам:

«Калі хтосьці думае, што мы прымушаем дактароў выпісваць беларускае, гэта не так. Калі для бясплатнага рэцэпта, чаму б не выпісаць беларускае, калі ёсць беларускі прэпарат належнай якасці, а яны ўсе якасныя. У аптэках не могуць прадавацца няякасныя лекі: яны ўсе, як і беларускія, так і замежныя, правяраюцца ў лабараторыі аднолькава.

Але калі у чалавека ёсць паказанні ці ён ўсё жыццё прымае нейкі замежны прэпарат, яму выпішуць замежны прэпарат».

Жарко расказаў і пра крокі па аптымізацыі працы ўстаноў аховы здароўя, у першую чаргу паліклінік. Паводле яго меркавання, галоўнае ў працы паліклінік — правільная арганізацыя працы:

«Калі працоўны дзень кіраўнік паліклінікі будзе пачынаць з аналізу папярэдняга дня: як, што, адкуль. Бо большасць выклікаў узімку, калі адбываецца пік захворванняў. Улетку няма выклікаў. І вось застаецца дзевяць месяцаў. Займіцеся ў гэты час абследваннем людзей. І калі будзе такое дынамічнае назіранне ўчастковымі дактарамі, знізіцца захворваемасць, знізіцца часовая непрацаздольнасць, знізіцца смяротнасць».

Жарко паведаміў, што плануецца да канца года завяршыць адзін з этапаў інфарматызацыі паліклінік, які дапаможа разгрузіць установы.

У Мінску запусцяць электронныя рэцэпты, запіс праз Інтэрнэт ва ўсіх паліклініках. У астатніх рэгіёнах электронныя рэцэпты будуць уведзены, калі фінансаванне будзе выдзелена ў поўным памеры. Электронны рэцэпт будзе выпісвацца доктарам, і яго ў аптэцы будуць знаходзіць па базе.

А вось электронныя карты можна будзе чакаць толькі ў наступным годзе.

Таксама ў Беларусі будзе пашырацца інстытут дактароў агульнай практыкі:

«Больш за палову вясковых амбулаторый працуюць па прынцыпе дактароў агульнай практыкі. Гэта тэрапеўты, якія прайшлі перападрыхтоўку і маюць больш паглыбленыя веды. І калі да такога ўрача прыходзіць чалавек з ангінай, атытам ці хворай спінай, яму не трэба ехаць у бальніцу да неўролага, ЛОРа, акуліста — яго лечаць на месцы. Прынята рашэнне, каб участковыя тэрапеўты праз 2-3 гады працы і курсу перападрыхтоўкі працавалі як дактары агульнай практыкі».

А вось чуткі пра магчымае павелічэнне тэрміну адпрацоўкі студэнтаў-медыкаў Жарко абверг:

«Адпрацоўваюць пяць гадоў тыя, хто вучыцца па мэтавым наборы за сродкі. Калі будзе мэтавы набор штогод 40% у ВНУ і 60% у ССНУ, гэта забяспечыць патрэбы сістэмы аховы здароўя». 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру