У гандлёвых аб'ектах з 1 ліпеня 2015 года будзе забаронена выкладка ў вітрынах і на іншым гандлёвым абсталяванні тытунёвых вырабаў (іх узораў).

Аб гэтым заявіла сёння журналістам намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню спажыўца, які будзе адзначацца ў Беларусі 15 сакавіка.

«Інфармацыю аб тытунёвых вырабах у гандлёвых аб'ектах і аб'ектах грамадскага харчавання можна будзе размяшчаць толькі ў выглядзе пераліку тытунёвых вырабаў з пазначэннем іх назвы і цэн. Гэта значыць, мы клапоцімся аб здароўі нашых людзей, але пры гэтым не абмяжоўваем правы курца — калі ён вырашыў курыць, ён мае на гэта права», — адзначыла Ірына Наркевіч.

Таксама, паводле яе слоў, будзе забаронена вытворчасць і абарот некурыцельных тытунёвых вырабаў, прызначаных для смактання, вырабленых з тытуню і нетытунёвай сыравіны. Акрамя таго, пад забарону трапіць вытворчасць і продаж тавараў, што імітуюць знешні выгляд або маюць у сваіх найменнях назвы тытунёвых вырабаў.

Згодна з законам «Аб рэкламе» ў Беларусі поўнасцю забаронена рэклама тытунёвых вырабаў, вызначаны месцы, дзе нельга рэкламаваць алкагольныя і слабаалкагольныя напіткі, піва, а таксама ўведзены абмежаванні да зместу дазволенай рэкламы такой прадукцыі.

Намеснік міністра канстатавала: меры, што прымаюцца па барацьбе з тытунекурэннем і алкагалізмам, даюць станоўчы эфект. У 2014 годзе продаж тытунёвых вырабаў у Беларусі знізіўся на 9,4% да ўзроўню мінулага года, алкагольных напіткаў — на 7%. Пры гэтым беларускія спажыўцы робяць выбар на карысць натуральнага алкаголю — напрыклад, продажы вінаградных він павялічыліся на 3,4%, а гарэлкі, лікёраў і іншых спіртных напіткаў было рэалізавана на 10% менш.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру