Анжаліка Борыс атрымала папярэджанне ад следчага ў Гарадзенскім камітэце дзяржаўнага кантролю.

Старшыні Галоўнай рады непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Анжаліцы Борыс паведамілі, што справа ў адносінах да яе прыпынена. Размова са следчым павінна была адбыцца яшчэ 9 сакавіка, аднак была перанесена па невядомых прычынах. 

Па словах Борыс, улады спрабавалі абвінаваціць прадстаўнікоў Саюза палякаў у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

«Крымінальная справа не будзе ўзбуджана, няма для гэта падставаў. Я была папярэджана нібыта за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі – Саюза палякаў. Кожны месяц са мной будуць праводзіцца прафілактычныя размовы. Я думаю, што заўжды ёсць верагоднасць адкрыцця справы, калі ты займаешся грамадскай дзейнасцю. Так як гэтая справа была ўзбуджана па нейкіх даносах, так яна і завершылася. Канешне, паколькі справа палітычная, то можа быць, што сёння завершылася, а заўтра стане крымінальнай».

Усе запрашэнні ў камітэт дзяржкантролю будуць рабіцца праз адваката Анжалікі Борыс, час першай прафілактычнай размовы яшчэ не прызначаны. Для Анжалікі Борыс сённяшняе рашэнне стала нечаканым падарункам у святочны дзень: менавіта сёння, 12 сакавіка, 10 гадоў таму яна была абраная старшынёй незалежнага Саюза палякаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?