Смаргонскім раённым аддзелам Следчага камітэта 12 сакавіка была распачатая крымінальная справа ў дачыненні да жанчыны-кіроўцы.
Пасля наезду на пешахода жанчына прыдумала легенду. Расказала, што бачыла, як патокам паветра аўтапоезда збіла з ног жанчыну. «Казала настолькі гладка і ўпэўнена, што складана было не прыняць выдуманае за чыстую манету», — гаворыцца ў паведамленні абласной ДАІ.
Характар траўм пацярпелай (якія аказаліся вельмі цяжкімі), атрыманых напярэдадні вечарам на 101-м кіламетры аўтадарогі Мінск — Ашмяны — мяжа Літвы, схіліў усумніцца ў праўдзівасці сказанага.
Доказы былі настолькі неабвержнымі, што мінчанцы нічога не заставалася, як прызнацца ў тым, што гэта яна збіла жанчыну, якая рухалася ў спадарожным напрамку.





