Фота Кірылы Хілько.

 Фота Кірылы Хілько.

У лютым ў найстарэйшай незалежнай газеце «Белорусы і рынок» змяніўся галоўны рэдактар. Вячаслаў Хадасоўскі, які заснаваў газету ў 1990-м годзе, перайшоў на сімвалічную пасаду шэф-рэдактара. А на яго месца прыйшла Валянціна Вештарт.

Змены былі выкліканы эканамічным крызісам, з якога выданне не магло выбрацца ўжо працяглы час. У выніку Вячаслаў Хадасоўскі прадаў частку акцый газеты прыватным асобам. Вядома, што адзін з іх — гендырэктар «Еўрапейскага радыё для Беларусі» Дзмітрый Новікаў, які жыве ў Польшчы, і яшчэ некалькі польскіх грамадзян.

Здавалася б, тэхнічнае пытанне. Але такія змены прывялі да супрацьстаяння новага кіраўніцтва і калектыву. І канфлікт выйшаў за межы рэдакцыі. Журналісты, некаторыя з якіх разам працуюць два дзесяцігоддзі, не ўспрынялі людзей не са свайго кола. І крытычна адрэагавалі на новаўвядзенні ў падрыхтоўцы тэкстаў. Загаварылі пра звальненні.

«…Ад журналістаў патрабавалі іншай падачы матэрыялаў і іншага характару працы. Гаворка ішла пра нейкую іншую газету. Якую — незразумела, паколькі яе канцэпцыя прадстаўлена не была. І як у такіх умовах вырашыць для сябе, ці хачу я рабіць гэтую газету, калі не ведаю, пра што яна?» — заявіла намесніца галоўрэда Ірына Крыловіч.

Газета «Белорусы і рынок» была створана ў лістападзе 1990 года. Да 2005 выходзіла пад назвай «Белорусскій рынок». Выданне піша пра палітыку, але галоўнай тэмай увесь час застаецца эканоміка. Пазіцыя выдання ўсе гэтыя гады была выразна прарынкавай і пранезалежніцкай.

Цяпер журналісты «БіР» апелююць да таго, што газета за чвэрць стагоддзя стала вядомай на рынку. Але ніхто не можа аспрэчваць, што выданне знаходзіцца ў працяглым крызісе. Наклад упаў да 6500 асобнікаў. З 32 палос сёння засталіся толькі 16. Інтэрнэт-версія выдання, мяркуючы па інтэрнэт-лічыльнікаў, мае малую аўдыторыю. Але выданню па-ранейшаму давяраюць рэкламадаўцы, і гэта патэнцыйна можа палегчыць яго рэструктурызацыю.

«Будуць скарачэнні»

«Наша Ніва» звярнулася да новай галоўнай рэдактаркі Валянціны Вештарт, каб яна расказала пра лёс газеты. Да прыходу ў «БіР» яна была заўважным журналістам у «Національной экономіческой газете», была галоўным рэдактарам дзяржаўнага часопіса «Белорусское сельское хозяйство».

Валянціна Вештарт.Фота з сацсетак.  

Валянціна Вештарт.Фота з сацсетак.

«НН»: Вы месяц адпрацавалі на пасадзе галоўнага рэдактара. План выхаду з эканамічнага крызісу для газеты ўжо маеце?

— Так, прайшоў месяц, але гэта не многа. Я толькі змагла прааналізаваць фінансавы стан прадпрыемства і намеціць першыя крокі па яго паляпшэнню. Зразумела, планы ёсць, але публічна іх абмяркоўваць мы не будзем. Усё ж такі ЗАТ «Медыярынак» — гэта прыватнае прадпрыемства. Да таго ж, зараз усім няпроста, і СМІ ў тым ліку.

«НН»: Разам з эканамічнымі прыблемамі ўзніклі і праблемы ў калектыве. Будуць скарачэнні, новыя прызначэнні?

— Я не ведаю, якія праблемы вы маеце на ўвазе. Так, мы дыскутуем. Бывае і залішне эмацыйна. Мне падаецца, што гэта адбываецца з-за таго, што ўсе непакояцца пра лёс выдання, але часта па-рознаму бачаць выйсце з складаных сітуацый. Усе творчыя асобы… Тым больш людзям гэта ўласціва — баяцца перамен.

Што да скарачэнняў і прызначэнняў, то, думаю, яны будуць хаця бы з-за таго, што зараз штат газеты неапраўдана раздзьмуты. Пад скарачэнне трапяць тыя, хто мінімальна ўдзельнічае ў рэдакцыйных справах.

Што тычыць «асноўнага складу», то, зразумела, мне б не хацелася, каб газету пакінулі кваліфікаваныя спецыялісты, эксперты у сваіх галінах. Я прыкладу усе намаганні, каб і змены адбыліся, і людзі захаваліся.

«НН»: Ці будзе адбывацца змена альбо пашырэнне тэматыкі газеты? Як паведамляюць супрацоўнікі газеты, нібыта прапануецца адмовіцца ад палітыкі.

— Змены тэматыкі не плануецца. «Белорусы і рынок» застанецца выданнем для дзелавых людзей. Мне падаецца, што ў дадзеным выпадку лагічна казаць пра вяртанне да той шырыні тэматыкі, якая была ў газеты раней, да переходу на 16-палосны фармат. Мяркую таксама, што больш увагі мы будзем надаваць мікраэканамічнаму узроўню — праблемам і спадзяванням суб’ектаў гаспадарання. Будзем дапамагаць ім шукаць адказы на складаныя эканамічныя пытанні сённяшняга часу. Планую, што газета стане яшчэ болей шматгалосай, у ёй з’явіцца яшчэ больш каментароў, думак, ацэнак, прагнозаў.

Я веру ў тое, што ў недалёкім часе газета «Беларусы і рынак» будзе абавязковым атрыбутам кожнага дзелавога чалавека.

Што да палітыкі, то зразумела, усе галоўныя палітычныя падзеі знойдуць адлюстраванне на старонках газеты, але, як я ўжо казала, яна застанецца дзелавым выданнем. Мы не плануем пераводзіць яе ў стан грамадска-палітычнай.

У гэтым «полі» працуюць такія моцныя выданні, як, напрыклад, ваша газета, «Народная воля», «Свободные новости плюс», калі мы гаворым пра недзяржаўныя газеты. Наўрад ці традыцыйна дзелавое выданне зможа «цягацца» с імі.

«НН»: Што будзе з інтэрнэт-версіяй?

— Інтэрнет-версію мы будзем развіваць. Гэта не першасная задача, бо яна даволі затратная, але думаю, что ў хуткім часе, як толькі будуць вырашаны асноўныя фінансавыя праблемы, яе мы таксама вырашым. Схема развіцця — класічная: цікавыя і важныя навіны, здабытыя журналістамі на цягу тыдня будуць з’яўляцца на сайце, а аналітыка — будзе друкавацца у папяровай версіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?