Фота Віталя Палінеўскага, catholic.by

Фота Віталя Палінеўскага, catholic.by

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, 13 сакавіка ў Мінску абмеркаваў з дзяржаўным сакратаром Святога прастола кардыналам П'етра Паралінам пытанні ўзаемадзеяння Рускай праваслаўнай Царквы з Рымска-каталіцкай. Пра гэта паведамляе catholic.by.

Пасля сустрэчы з прадстаўніком Ватыкана мітрапаліт Павел адзначыў, што сёння ў праваслаўнай царквы і каталіцкага касцёла «шмат тэм для абмеркавання, для разважанняў». «Мы не гаворым пра экуменізм, пра экуменістычнае збліжэнне. Сёння як Рускую праваслаўную царкву, Беларускую праваслаўную царкву, так і Рымска-каталіцкі касцёл — усіх хвалюе сапраўднае становішча рэчаў, хвалюе пытанне захавання духоўна-маральных каштоўнасцяў», — сказаў праваслаўны іерарх. 

Духоўныя каштоўнасці, паводле слоў мітрапаліта Паўла, з'яўляюцца асновай жыцця беларускага грамадства, паколькі яны — «абвешчаная Богам праўда, і наша задача іх захаваць». 

Падчас сустрэчы з кардыналам Паралінам гаворка ішла і пра тое, што «праваслаўная царква і каталіцкі касцёл сёння робяць усё магчымае, каб захаваць мір». «Беларусь і Расія сёння — яркі прыклад добрага суіснавання розных веравызнанняў у міры і згодзе. Мы таксама адзначылі цяжкі ўрок, які дае Украіна. Мір крохкі, і мы павінны яго захаваць», — дадаў прадстаяцель Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы. 

Нагадаем, кардынал П'етра Паралін знаходзіцца ў Беларусі з 12 па 15 сакавіка з афіцыйным візітам па запрашэнні беларускіх улад. Гэта другі такі візіт прадстаўніка Ватыкана ў гісторыі сучаснай Беларусі пасля 2008 года, калі краіну наведаў дзяржсакратар Святога прастола кардынал Тарчызіа Бертоне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?