— У кожным раёне Мінска плануецца ўвесці ў эксплуатацыю па адным басейне. Як хутка будуць рэалізаваны гэтыя планы?
— Да нас звярнуўся ўрад Венгрыі з прапановай пракрэдытаваць на даволі льготных умовах будаўніцтва спартыўных аб'ектаў. Разглядаецца магчымасць прыцягнення гэтых крэдытных рэсурсаў для будаўніцтва басейнаў. Хачу падкрэсліць, гэта будуць модульныя басейны сучаснай еўрапейскай канструкцыі, у першую чаргу прызначаныя для аздараўлення, а не для правядзенння спаборніцтваў міжнароднага ўзроўню.
Мы імкнёмся да таго, каб суадносіны цана-якасць былі аптымальныя.
Вядома, будзе аб'яўлены тэндар на будаўніцтва, магчыма, нехта акрамя венграў прапануе свой варыянт. Думаю, на працягу трох гадоў мы пабудуем па басейне ў кожным раёне.
— На сустрэчах з працоўнымі калектывамі, моладдзю, журналістамі вы неаднаразова паўтаралі, што Мінгарвыканкам адкрыты для прапаноў і ініцыятыў. Хтосьці ўжо адгукнуўся на гэты заклік, былі цікавыя прапановы?
— На сённяшні дзень падтрымана толькі прапанова маладзёжнага цэнтра вулічнай культуры і спорту «ProКач».
У час сустрэчы са мной маладыя людзі паказалі, дзе можна стварыць пляцоўкі для заняткаў экстрэмальнымі відамі спорту.
Адна з іх — стацыянарная — размесціцца на вуліцы Сталетава. Тут жа будуць устаноўлены турнікеты для заняткаў спортам. Яшчэ адна пляцоўка — перасовачная — з'явіцца каля Палаца спорту каля крытага катка.
Гэта прапанова будзе абавязкова рэалізавана. Мінгарвыканкам набудзе абсталяванне, а маладыя людзі сваімі сіламі яго ўстановяць і будуць абслугоўваць.
— Мінск набірае папулярнасць сярод замежных турыстаў. Гэтаму пасадзейнічала і правядзенне ў беларускай сталіцы чэмпіянату свету па хакеі. Якія меры прымаюцца для таго, каб павялічыць прыток замежных гасцей?
— Нядаўна я размаўляў з буйным прыватным тураператарам, які займаецца ўязным турызмам.
Кіраўнік фірмы адзначыла, што больш за адзін дзень у Мінску турысту рабіць няма чаго.
Я папрасіў яе прадставіць сваё бачанне таго, што трэба зрабіць гарадскім уладам, каб турысты заставаліся не на адзін-два дні, а значна даўжэй. Чакаем прапаноў.
Я таксама лічу, што сталіцы неабходна адзінае агенцтва, якое будзе займацца прыцягненнем турыстаў, лагістыкай размяшчэння зыходзячы з патрабаванняў пражываючых. Пакуль жа гэта работа вядзецца разрознена цэнтрамі ў мінскіх гасцініцах. Каб пераламаць сітуацыю, мы створым на базе ўпраўлення бытавога і гасцінічнага абслугоўвання насельніцтва Мінгарвыканкама асобную структуру, якая будзе займацца ў цэлым уязным турызмам.





