Украіна мае намер выкарыстаць заявы былога камандуючага (1991—1992) Чарнаморскім флотам РФ Ігара Касатонова пры падрыхтоўцы пазоваў супраць Расіі.

Пра гэта паведаміў спікер Міністэрства замежных спраў Украіны Яўген Перабейніс.

«Усе гэтыя паказанні будуць далучаныя да пазовах супраць Расеі. Гэта дакладнае прызнанне таго, што ніякага рэферэндуму не было, усё фальсіфікавана. Крым захоплены на загад вышэйшага кіраўніцтва Расіі, і яны навыперадкі выхваляюцца, як гэта было зроблена», — падкрэсліў прадстаўнік МЗС.

Пра падзеі, якія папярэднічалі анексіі Крыма, Ігар Касатонаў, які камандаваў ЧФ ў 1991—1992 гадах, на днях распавёў у інтэрв'ю «РІА Навіны».

Касатонаў пацвердзіў, што так званыя ветлівыя людзі, якія блакавалі ўкраінскіх вайскоўцаў на тэрыторыі паўвострава, — гэта сілавікі, якіх даставілі з Расіі. Больш канкрэтна — армейскі спецназ.

«У Крыму разведка НАТА празявала ўсё што можна і нельга, — сказаў Касатонаў. — Прычыны крыюцца ў рэжыме строгага радыёмаўчання ў перыяд накаплення групоўкі, а таксама ва ўмелым выкарыстанні севастопальскай базы, транспартных баявых сродкаў, якія дастаўлялі узброеныя сілы ў Крым». На пытанне, адкуль прыбывалі караблі, ён адказаў, што з Наварасійска. Былы камандуючы дадаў, што войскі перакідвалі і па паветры.

На паўвостраў, як адзначыў Касатонаў, былі перакінутыя «дыверсійныя падраздзялення, наводчыкі, праваднікі, якія дзейнічалі разам з групоўкай флоту».

Раней прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк ужо даручыў перадаць у Гаагскі трыбунал відэаматэрыял расійскага дакументальнага фільма «Крым. Шлях на Радзіму» і дадаў, што фільмам «павінны зацікавіцца міжнародныя пракуроры і следчыя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?