Міжнародны валютны фонд прагназуе, што ВУП Беларусі ў 2015 годзе знізіцца на 2%, паведаміў на прэс-канферэнцыі 16 сакавіка ў Мінску кіраўнік місіі фонду ў Беларусі Дэвід Хофман. «Паводле ацэнак каманды фонду, вельмі верагодна, што ў 2015 годзе адбудзецца спад», — сказаў Хофман.

Ён удакладніў, што на дадзены момант МВФ прагназуе зніжэнне ВУП Беларусі на 2%, а ў наступным годзе — некаторае аднаўленне беларускай эканомікі. «Але ў адсутнасць зменаў эканамічнай палітыкі тэмпы росту ў Беларусі застануцца нізкімі ў наступнай пяцігодцы», — падкрэсліў Хофман.

Паводле яго слоў, для «змены траекторыі эканамічнага росту» Беларусі неабходна праводзіць паслядоўную эканамічную палітыку, прытрымлівацца рэкамендацый фонду і пачаць ажыццяўленне «глыбокіх структурных рэформаў» з мэтай павышэння прадукцыйнасці прадпрыемстваў.

«Пры такім сцэнары тэмпы росту ў 2015-2016 гадах могуць быць нават ніжэй за прагназаваныя. Аднак гэтыя страты кампенсуюцца значна больш высокімі тэмпамі эканамічнага росту ў наступныя гады», — сказаў кіраўнік місіі. Як лічаць эксперты фонду, дадаў ён, у выпадку правядзення глыбокіх эканамічных рэформаў тэмпы росту могуць значна паскорыцца, і «ў сярэднетэрміновай перспектыве эканоміка Беларусі можа расці на 4-5% у год».

Як паведамлялася раней, на мінулым тыдні на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў разглядалася канцэпцыя сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады. Канцэпцыя прадугледжвае два сцэнара эканамічнага развіцця краіны ў залежнасці ад знешніх умоў. Паводле першага сярэднегадавыя тэмпы росту ВУП могуць скласці 2,4%, паводле другога — 3,3%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?