Дэмантаж

…Рыцары на плошчы трапілі ў пастку, як той небарака парсюк на вясковым падворку. Статую замкнулі ў кола, ашчэціўшыся, нібы дзідамі і алебардамі, інструментам. Паплявалі на рукі, зачалася праца. Нехта ўзброіўся прымітыўнай паяльнай лямпай. Такой кабаноў на вёсцы смаляць, дзе толькі выкапаў? Некаторыя з’явіліся з малатком і зубілам.

А ў чым віна двух рыцараў? Што наважыліся паставіць капытом конскім кропку ў вайне нерваў, у замарожанай дыпламатыі, заклікаючы да свабоды? Блізка да праўды. Іх, ці, прынамсі, тых, хто паставіў статую, не зразумелі або дакладней успрынялі як пагрозу хто чакаў за кулісамі. Яны выскачылі на сцэну, каб не даць людзям дыхаць свабодна, пазбыцца адвечнага страху, няўпэўненасці. Штодзённага пачуцця віны… Нехта даставіў аўтаген, спрабаваў рэзаць, ствараючы з іншымі какафонію нявечання. Яны злавалі, робячы няспрытныя рухі, пудлуючы. Начапілі гальштукі, занялі кабінеты з шуфлядамі і партрэтамі, зрабіліся чыноўнікамі, гарадскімі жыхарамі, беларучнымі. Смаленне вепрука паяльнай лямпай засталося ў мінулым. Хай яны яго не пахавалі, але шчыльна зачынілі дзверы, павярнуўшы двойчы ключ і выкінулі, як пазбываюцца зброі забойцы. Заплюшчыўшы моцна, да сціскання яблыка, зрэнак, яны расплюшчылі вочы ў новае жыццё, каб болей ніколі не вяртацца ва ўчорашняе з гадоўляй на вёсцы кабаноў дзеля адзінай галоўнай мэты — забіць і з’есці. У горадзе прасцей схадзіць у краму ці ў саўмінаўскую сталоўку.

…Вершнікі былі сімвалам, які ім карцела прынізіць, перамагчы, знішчыць. Каб давесці перш сабе, што мы цяпер галоўныя, што самі будуць замаўляць музыку і ніхто іншы. І ніякіх больш рыцараў, ніякіх паданняў, легенд і нафталінных хронік, ніякай балбатні пра свабоду і дэмакратыю, пра шлях у Еўропу, дзе нас ніхто, запомніце, ніхто не чакае! Ніякай бескантрольнай свабоды слова, ніякіх вам мітынгаў і стыхійных дэманстрацый. Мужыкі — яны павінны мужыкамі заставацца, не пнуцца ўлезці бясплодна ў рыцарскія латы, уціснуцца ў чужыя рамкі. Працаваць трэба, а не ў жалезе задыхацца без паветра ды клаўстрафобна трымцець, спектаклі разыгрываць нікому не патрэбныя! Пастаў ты рыцараў тых за плуг, карова з сядлом атрымаецца, як з казла малака будзе! Так-так, углыбках душы яны прагнулі адчуць востры смак злацешнасці.

Статуяборцы

Нішто не новае ў людскіх дзеях: конную статую нявечылі не першы і, мабыць, не апошні раз. Каранаваных тыранаў зрыналі з п’едэстала неаднойчы. Разбурэнне статуй, знішчэнне папярэдніх багоў — старонка з хронікі, якую дапісваюць сёння. Але не патрапяць дапісаць. Заўтра схопяцца за помнікі, якія стварылі цяпер і канец ніколі не наступіць, як у саміх людскіх дзеях…

Калі да стырна трапляюць філосафы, не дай Божа, паэты, прафесура, гуманітарыі — гэта заўжды перамога хісткая: няма жалезнай хваткі, няма абцугоў, а таму — вялікіх шанцаў затрымацца, не выпусціць з рук яе — уладу родную-самаборку! У іх грэблівасць выклікае аксіёма, што ўладу трэба абавязкова любіць больш за жыццё, тады не страціш.

…У далікатных няма органа, які адказвае за імкненне да бязмежнай улады. Прынамсі, ён ў прыгнечаным, занядбаным ці зусім у рудыментарным стане. У іх адсутнічае звярыны інстынкт — намёртва ўчапіцца ікламі, нібы жалезнай пасткай на горле авечкі-краіны. Як мінімум патрэбны хоць бы паляўнічы азарт. Лямантаваць, трубіць у рогі, нястрымна трыумфаваць, біць у бубны, не баяцца крыві, а — прагнуць яе! Калі гэтага няма, ніякія рыцары не абароняць тваё крэсла, на якім мулка і няўтульна ад самага пачатку, калі азадак твой не дубовы. Збег акалічнасцяў, і ты заняў выпадкова чужое месца, таго, хто з улады зробіць сэнс жыцця. Бо, калі ты выйграў дзякуючы нялюдскім высілкам, спрыту, рашучасці і рызыцы, ты сціскаеш уладу ў абдоймах і пачынаеш разумець, што не хочаш больш ні з кім ёю дзяліцца і не будзеш! Так зрабіў Малаткоў, калі адхіліў ад улады прафесара Радзівілава, знаўцу антычных аўтараў. Залатое руно Малаткоў фанабэрліва высмыкнуў з бязвольных інтэлігенцкіх рук.

Канечне, усё можна было б зрабіць інакш, па-гаспадарску, са спакойнай рашучасцю — дэмантаваць статую, узняць кранам, пагрузіць у кодаб, а там — ці ў пераплаўку, ці на звалку — з вачэй далоў. Але проста зняць рыцараў нецікава. Без асалоды прыбраць, не стукнуўшы кулаком, не стварыць гучнай падзеі, пагуляўшы цягліцамі. І цяпер рыцары ляжалі пасечаныя на кавалкі не на баёвішчы крыжацкім. Пасярод Мірграда ляжалі. Шчыт і меч, рукі-ногі, галава адна-другая і конская храпа, хвост, тулава ляжалі. «Больш не будзе ніякіх рыцараў у гэтай краіне! — заявіў увечары ў тэлевізары Малаткоў. — Пакуль я гаспадар — тым больш. З мячом прыйшлі, ад мяча загнуліся! Па заслузе! Часам няможна грэбаваць, трэба браць гістарычную мятлу ў рукі паўторна, дзеля таго яны й рукі!»

…Так закончыўся кароткі, але каляровы рыцарскі час эйфарыі, свабоды гаварыць, пісаць, друкаваць і прамаўляць, спадзяванняў калясіць паўсюль, дзе захочаш, без візаў.

…Ламалі рыцараў дбайна, з натхненнем нішчылі. Нібы сяляне-стараверы трактар або лудзіты — ткацкі варштат. У скронях малаточкамі не зусім дарэчна пульсавалі радкі: «Біце ў сэрца іх, біце мячамі, не давайце чужынцамі быць…», як супраць саміх сябе. Хістка, ліхаманкава думалася: «Парсюка шкада, ён член сям’і амаль, рыцары — стоды чужынскія, не стварай сабе куміраў, не трэба».

Першая рыцарская аповесць

«Амадыс дэ Гаўла» — аповесць рыцарская першая так называлася, на Іберыйскім напісаная паўвостраве, у якой з’явіўся раптам рыцар ідэальны, што распаўсюдзіўся па творах аўтараў сярэднявечных у хрысціянскім свеце. Інакш, бадай, і не магло быць: змаганне з іншавернымі праходзіла крывавай баразной па землях, горных ланцугах і камяністых пустках Гранады а Кастыліі і каралеўства партугальцаў.

…У прамінулых дзеях багуславаў таксама месца рыцарам было, няпэўным месца было тое, здаралася не раз ім смерці падстаўляць чало. На рыцараў даспехамі і сэрцам навала азіяцкая, як саранча, ляцела, знішчаючы не доблесцю, а лічбай. Захопленыя замкі, гарадскія сцены, разбураны самотныя данжоны, а рыцарам у глухменным месцы толькі схоў, каб сілу ашчадзіць, каб выкаваць мячы наноў. Па-партызанску дзейнічаць здаралася тады і потым — у наступныя вякі. Для багуслава рыцар той, каму зайздросціць мог, а мог і ў сэрцы ненавідзець: за тое, што трываў у латах і гінуў гэтак жа — са зброяй у руках.

Босх, турэмны сон Радзівілава

Рыцар ляжыць у латах, пакінуты самотным на зямлі, ад ранаў памірае. Спяклася кроў і не напітвае болей глебу. Рыцар за што змагаўся, чыйго ён войска? Невядома. Ці змагаўся за свайго ён суверэна? Магчыма. Хто быў ім — граф, маркіз, вялікі князь ці нават, можа быць, кароль? Ніхто не ведае, бо гэта сон. Нікога бо няма, спытаць ніякае мажлівасці. А Радзівілаў разумее, што два шляхі ў яго сягоння ноччу: напружыцца і вынырнуць са сна, расплюшчыць вочы ў ноч. Ды ў ноч такую зрокам сягаць не хочацца, няма куды ісці ў такое ночы. Застацца — выйсце, каб не вяртацца хутка ў вязніцу, у «кайданаўку». Таму паспрабаваць даўмецца, што з рыцарам тым здарыцца магло — яго дарога ў гэтай ночы. Але становіцца яму раптоўна ясна, як быццам грудзі губкай напіталіся салёнаю вадой, няма паветру месца, няма паветра больш: усё безнадзейна, гэта Босх, ніякіх шанцаў рыцару не засталося. Навокал небарачныя бадзячыя сабакі, ды што: сабака, ён не вораг чалавеку, ды гэта Босх — нахабныя ад баязлівасці шакалы наўзбоч карціны, не кажучы аб пацуках, якім заўсёды на такіх палотнах месца забяспечана.

Іклы, кіпцюры, з турэмнага дзённіка Радзівілава

Часам мне здаецца ўлада хваробай. А вылячэння няма. Няма. Ты сам сябе не вылечыш і дактарам добраахвотным будзеш не давяраць. Будзеш прагнуць падмануць іх, прасцячком прыкінуцца, каб саміх каварна ў смірэнчую кашулю, з вачэй, каб адпомсціць, што яны цябе выкрылі, што здагадаліся: у цябе не ўсе дома, улада зводзіць цябе з глузду.

Прагны ўлады сваю агрэсію, інстынкты не пакіне пры сабе, накіруе ў жыццё краіны. У яго розуму няма, ён проста хітры, вываротлівы, пры чым тут розум?! Усіх свабодалюбных за краты, астатніх, памяркоўных, прыгнесці, самому ўзлезці на трыбуну, і каб табе крычалі «Ура!» да хрыпкі — гэта не розум, гэта яго адсутнасць.

Хаця помста — гэта сагі, ці не большасць прысвечана помсце за нейкія крыўды, за прыніжэнні, за здраду. Змест хронік, сама гісторыя — ланцуг помшчання. Але, людцы мае, гэтым звесткам сотні, тысячы гадоў! У нас іншы час: у нас унітаз, кішэнныя тэлефоны і электронная пошта, нашы людзі ў космасе! Гэта памылка, што чалавек можа фантастычна змяняць сваё жыццё, але не развівацца асабіста. Не ўставаць з чацвярыцы, не пазбывацца поўсці. Не зжываць у сабе звера. Так-так, зусім не рабіцца лепшым і ўвесь час трымаць у галаве свой камень за пазухай…

*** 

Сяргей Астравец — пісьменнік. Жыве ў Гродне. Раман пра краіну Багуславію і народ багуславаў быў задуманы ў Гурзуфе, у Крыме, пачаты неўзабаве на востраве Готланд у Балтыйскім моры і напісаны за наступныя чатыры гады ў Гродне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0