Рух «За Свабоду» заклікае ўдзельнікаў традыцыйнай акцыі з нагоды Дня волі браць на 25 сакавіка на працы адгулы, паведамляе прэс-служба арганізацыі.

Як паведамлялася, Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне акцыі 25 сакавіка, аднак скарэктаваў час яе правядзення. Першапачаткова мерапрыемства планавалася з 17.00 да 20.00, аднак улады дазволілі правесці збор удзельнікаў акцыі з 15.00 да 16.00 каля кінатэатра «Кастрычнік», шэсце да плошчы Бангалор з 16.00 да 17.00, мітынг у парку Дружбы Народаў да 18.00. Сваё рашэнне чыноўнікі абгрунтавалі шматлікімі скаргамі мінулых гадоў і гэтага года аб тым, што шэсце ў гадзіну пік стварае шмат нязручнасцяў.

Рашэнне мінскіх чыноўнікаў у руху «За Свабоду» называюць «здзеклівым», таму што шэсце і мітынг пройдуць у рабочыя гадзіны.

«Не было б праблем, калі б Дзень Волі, як належыць, быў дзяржаўным святам, — заяўляюць у руху. — Але ў выніку патрыётаў і свабодных грамадзян Беларусі — патэнцыяльных удзельнікаў акцыі — хочуць выставіць дармаедамі, якія замест працы мітынгуюць».

Рух «За Свабоду» заклікае ўлады зрабіць цяперашняе 25 сакавіка выхадным днём. «Мы ўпэўненыя, што тысячы беларусаў гатовы адпрацаваць узамен адну з субот. У адваротным выпадку мы заклікаем беларусаў масава браць адгулы на працы і ўсё роўна сабрацца разам у цэнтры сталіцы, каб адсвяткаваць Дзень Волі», — заяўляюць у арганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?