Я раскажу вам Гісторыю. Яе мне распавяла бабуля — з першых рук, і калі нехта некалі захоча зрабіць беларускі блокбастар, фільм для мільёнаў, неверагодны па сіле, параўнальны з «Уцёкамі з Шоўшэнка» ці, там, «Зялёнай міляй» з паметкай «заснавана на рэальных падзеях», — ведайце, што у нас ёсць такая гісторыя і такі чалавек. Такім чынам — фільм. Няхай, у ім будзе ўступ і ён пачнецца закадравым голасам. Няхай расказвае мая бабуля.

У. Дубоўка. 1920-я гг., фота з асабістага архіва

У. Дубоўка. 1920-я гг., фота з асабістага архіва

Яе бацька, Аляксандр Сак, быў расстраляны ў 1937-м годзе як нацдэм. Па выніках допытаў, стэнаграмы з якіх яна паспела атрымаць у пачатку 90-х, стала вядома, што ён быў добра знаёмы з Тарашкевічам, Купалам і з чалавекам, пра якога пойдзе гаворка далей — Уладзімірам Дубоўкам.

Дубоўка і мой прадзед былі сябрамі, але так сталася, што праз пастаянныя арышты, якія пачаліся ў 30-м годзе, Уладзімір Мікалаевіч не бачыў, ні як ягоны сябар жаніўся, ні як у таго нарадзілася дачка, Галя. У гэты час Дубоўка быў у ссылцы на далёкім усходзе, дзе ў рэшце памёр ягоны 13-гадовы сын.

І вось пасля смерці Сталіна, рэабілітаваны у 57-м годзе, Дубоўка прыязджае ў Менск, каб убачыць — не свайго сябра, які ўжо 20 год як забіты. Не яго жонку, якая не так даўно вярнулася з 15-гадовай ссылкі на Калыму, а ягоную дачку, якую ніколі не ведаў, але вельмі хацеў убачыць хоць раз.

І няхай у гэтым фільме будзе паказана ўсё так, як расказала мне бабуля. Як аднойчы ў іхны вялікі дом на Розачцы зайшоў высокі і прыгожы мужчына з такімі блакітнымі вачыма, якіх яна ніколі не бачыла. Як ён сказаў, што вельмі рады пазнаёміцца з дачкой свайго сябра, якая была на той момант студэнткай архітэктурнага факультэта. Як ён сядзеў за сталом і расказваў пра сваё жыццё за апошнія 10 год. Расказваў і смяяўся. Гучна смяяўся над гэтай сумнай і нейкай шчымлівай гісторыяй. Няхай так пачынаецца асноўная частка фільма.

У 1947-м годзе Дубоўку пасля чарговага арышту саслалі ў горад Зугдзідзі у Грузіі. Там ён уладкаваўся працаваць (як я зразумеў) — бухгалтарам. І так сталася, што шчыры, прыгожы і адкрыты беларус вельмі спадабаўся мясцовым грузінам і асабліва дырэктару саўгаса Наразені, ў якім ён працаваў. За два гады Уладзімір сапраўды стаў іх часткай жыцця і, натуральна, да яго ніхто не ставіўся як да зняволенага. Ну, тут трэба разумець: гэта Грузія, усе свае, ва ўсіх паўсюль дзядзя, брат, бацька — там дзе трэба і кожны кожнаму дапамога, чэк, доўг і хабар. 

Таму адным днём дырэктар папрасіў Дубоўку адвезці паперы (па-мойму) ў Тбілісі. Той, натуральна, адмаўляўся, бо гэта парушэнне ўмоў пасялення. Але давайце ўявім сабе гэтую сцэну, як вясёлы, дабрадушны грузін угаворвае свайго «нардычнага» прыяцеля зрабіць ласку, як ён смяецца і кажа, што ўсё будзе добра і не трэба баяцца. Што ўсе тут свае, і праз некалькі гадзін ён ужо вернецца, і ніхто ні пра што не даведаецца. Але, калі Дубоўка пагадзіўся і паехаў, на жаль, даведаліся. Яго арыштавалі. Перш чым этапаваць, ягоныя канваіры павінны былі даставіць Дубоўку на папярэдняе месца працы для афармлення дакументаў. 

І вось мы бачым, як два абыякавыя чалавекі са стрэльбамі вязуць невясёлага беларускага паэта, а для іх — звычайнага бухгалтара, у Зугдзідзі. 

Але ў Грузіі — сапраўды «ўсе свае», і нехта ужо патэлефанаваў, і нехта ўжо папярэдзіў дырэктара саўгаса пра няшчасце, якое здарылася з ягоным сябрам і той… Карацей, калі канвой прыбыў у саўгас — сталы там ламіліся ад мяса і віна. І вось мясцовыя жыхары просяць канвой увайсці ў становішча і не пакрыўдзіць іх. І не адмовіцца ад удзелу у мерапрыемстве, сэнс якога — шчыра, па-грузінску праводзіць добрага чалавека, які патрапіў у бяду, дапамагаючы ім. Канваіры, канешне, таксама былі грузінамі і таму, натуральна, не адмовілі ў просьбе генацвале. І калі праз некалькі гадзін яны, п'яныя, ляжалі, уткнуўшыся тварамі ў хачапуры, дырэктар падышоў да Дубоўкі.

Давайце ўявім сабе. Гэтая сцэна, дзе ён просіць прабачэння ў сябра і кажа яму: зараз мы зрабілі, што маглі канваіры п'яныя і больш цябе не затрымліваюць — бяжы. Схавайся ў гарах. Там ніхто ніколі цябе не знойдзе, табе дапамогуць, я ведаю людзей. Але Дубоўка падышоў да вартаўнікоў, узяў іх пад пахі, а іх стрэльбы павесіў на плячо і павёў іх туды, дзе яго даўно чакалі кампетэнтныя органы. Некалькі кіламетраў ён цягнуў свой п'яны канвой. Пра што ён думаў? Чаго чакаў? Яму далі 25 год. Тбілісская турма, а затым Краснаярскі край. І вось сухарукі, рабы людажэр, так непадобны да тых людзей, якіх Дубоўка сустрэў у Грузіі, здох. Рэабілітацыя — 57 год. 

І няхай так мы ўбачым заключную частку фільма. Залітыя сонцам вузенькія вулачкі — Розачка, Грушаўка. А на іх дамы з вялізнымі яблынямі. У адным з іх вялікі стол (ён і цяпер стаіць на нашым лецішчы), а за ім сядзіць высокі, не зламаны амаль трыццаццю гадамі арыштаў, прыгожы чалавек з блакітнымі вачамі і глядзіць на дачку свайго сябра, у якой, па маіх прыкідках, не болей за метра паўтара. Яны размаўляюць, яны смяюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?