«Наколькі мы ведаем, рашэнне Балонскай рабочай групы станоўчае. Хутчэй за ўсё, Беларусь будзе рэкамендаваная да прыняцця ў еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі», — паведаміў сёння сябра Грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў.

eastbook.eu

eastbook.eu

Эксперт адзначыў, што шанцы ўступіць у Балонскі працэс у Беларусі вельмі высокія. І хоць «гэта рашэнне практычна канчатковае», апошняе слова будзе сказана на саміце міністраў адукацыі 14-15 мая ў Ерэване.

23-24 сакавіка ў Рызе праходзіць пасяджэнне Грамадскага Балонскага камітэта.

Балонская рабочая група падрыхтавала да мерапрыемства альтэрнатыўны даклад. У ім пазначана, што, нягледзячы на бачны прагрэс, па асноўных каштоўнасцях Балонскай сістэмы істотных зрухаў у Беларусі не назіраецца, распавёў Уладзімір Дунаеў. Пытанні застаюцца да інстытуцыйнай аўтаноміі, акадэмічных свабод і студэнцкага ўдзелу ў кіраванні ВНУ, паведамляе эксперт. Дарэчы, па гэтых жа пунктах у Балонскі працэс Беларусь не прынялі ў мінулы раз — тры гады таму.

Становішча з аўтаноміяй ВНУ, свабодамі і ўдзелам студэнтаў засталося без бачных зрухаў, і да гэтага часу гэтыя каштоўнасці адзінай еўрапейскай прасторы не былі ажыццёўленыя ў беларускім заканадаўстве. «Больш за тое, мы адзначаем узмацненне акадэмічных рэпрэсій», — кажа Дунаеў.

«Пропуск у Балонскі працэс разглядаецца сёння як разменная манета, — кажа Уладзімір Дунаеў. — Ідзе гандаль паміж Беларуссю і Еўропай. Еўропа гатовая зрабіць такі жэст. Маўляў, нават, нягледзячы на тое, што вы не адпавядаеце патрабаванням, мы вас прымаем у Балонскі працэс, каб засведчыць сваю зацікаўленасць у еўрапейскім вектары развіцця Беларусі. Гэта вельмі дрэнна, таму што гэта палітызацыя рашэння. З іншага боку, гэта апраўдана для геапалітычных мэтаў».

Плануецца, што ў якасці дапаўненні разам з рашэннем аб прыняцці Беларусі ў Балонскі працэс будзе зацверджана дарожная карта прынцыпаў, мэтаў, каштоўнасцяў і асноўных накірункаў адукацыйнай палітыкі. «Працэс уступлення павінен суправаджацца выкананнем пэўных умоў ад Беларусі і Міністэрства адукацыі, і патрабаванні павінны быць увасобленыя ў чымсьці накшталт дарожнай карты, распрацаванай сумесна беларускімі і еўрапейскімі экспертамі», — кажа Дунаеў.

Як адзін з пунктаў дарожнай карты Грамадскі балонскі камітэт прапанаваў унесці змены ў Кодэкс аб адукацыі. «У кодэксе як мінімум абавязаныя быць такія словы, як студэнцкае самакіраванне, акадэмічная свабода, універсітэцкая аўтаномія. Павінны з'явіцца і артыкулы, якія рэальна гарантавалі б усё гэта».

Разам з тым, адзначае эксперт, недахоп Балонскага працэсу — адсутнасць жорсткага кантролю за тым, як краіны-члены выконваюць агульнапрынятыя рашэння. «Няма інструментаў пасля ўступлення краіны паўплываць на беларускую сістэму вышэйшай адукацыі. Нельга прымусіць міністра выконваць правілы», — кажа Дунаеў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?