Французскія ратавальнікі знайшлі адну з «чорных скрыняў» лайнера Airbus A320 авіякампаніі Germanwings, які выконваў рэйс 4U 9525 з Барселоны ў Дзюсельдорф і разбіўся ў французскіх Альпах.

Міністр унутраных спраў Францыі Бернар Казнёў запэўніў, што расшыфроўка запісаў пачнецца адразу, як толькі прыбор будзе дастаўлены ва Упраўленне расследаванняў і аналізу, які адказвае ў Францыі за бяспеку авіяпералётаў.

Самалёт А320 пацярпеў крушэнне раніцай у аўторак на поўдні Францыі ў дэпартаменце Альпы Верхняга Праванса.

Паводле наяўных дадзеных, нікому з 150 чалавек, якія знаходзіліся на борце, выжыць не ўдалося.

Абломкі самалёта знойдзеныя ў гарах на вышыні 2000 метраў. Па словах выратавальнікаў, самалёт разбурыўся на дробныя фрагменты, самы буйны з якіх не перавышае памерамі малалітражны аўтамабіль. Абломкі лайнера раскіданыя ў гарах на значнай плошчы.

Высветлілася, што самалёт не падаваў ніякіх сігналаў бедства аж да падзення.

У кіраўніцтве авіякампаніі Lufthansa, якая валодае лаўкостарам Germanwings, заявілі, што ў дадзены момант разглядаюць здарэнне як няшчасны выпадак, назваўшы ўсе іншыя версіі спекуляцыямі.

Па паведамленні кампаніі Germanwings, усяго на борце лайнера знаходзіліся 150 чалавек, у тым ліку шэсць членаў экіпажа. Аднак, як ужо заявіў кіраўнік кампаніі Томас Вінкельман, прынята рашэнне пакуль не публікаваць спіс пасажыраў, каб засцерагчы ад недарэчнай публічнасці іх сваякоў.

На борце самалёта знаходзіліся 16 нямецкіх школьнікаў і чацвёра выкладчыкаў, якія прыязджалі ў Льінарс-дэль-Вальес (правінцыя Барселона) па абмене.

Бацькі гэтых вучняў сабраліся ў школу пасля таго, як нікому з іх не ўдалося звязацца з дзецьмі па мабільных тэлефонах. Заняткі ў гэтай школе часова адмененыя.

Томас Вінкельман паведаміў, што сувязь з самалётам перапынілася ў 10:53 па мясцовым часе (12:53 па Мінску), калі лайнер быў на вышыні каля 2 тыс. метраў.

Згодна з папярэдняй інфармацыяй, самалёт здзейсніў хуткае зніжэнне з вышыні 38,000 футаў (11,600м) на працягу 8 хвілін. Падобную хуткасць зніжэння (больш за 24 м/с) эксперты называюць экстрэмальна вялікай.

Кіраўнік кампаніі праінфармаваў, што тэхнічная праверка самалёта праводзілася напярэдадні ў Дзюсельдорфе тэхнікамі кампаніі Lufthansa. Капітанам паветранага судна быў вопытны лётчык, які прапрацаваў больш за 10 гадоў у Lufthansa і Germanwings і меў больш за 6 тыс. гадзін налёту непасрэдна на гэтай мадэлі «Аэробуса».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?