Берасьцейскія актывісты БСДП(Г), партыі БНФ, кампаніі «Гавары праўду», ды іншых арганізацыяў усклалі кветкі на магіле мясцовага дзеяча БНР Адама Трыпуса.

У акцыі ўзялі ўдзел больш за дзясятак чалавек. Прысутныя выступілі з прамовамі, краязнаўца Антось Дацкевіч распавёў пра гісторыю ўтварэньня БНР. Актывісты БСДП(Г) разгарнулі партыйны бел-чырвона-белы сьцяг з ружай. Напрыканцы актывісты выгукнулі «Жыве Беларусь!».

Кіраўнік Берасьцейскай філіі партыі БНФ Зьміцер Шыманскі:

«Мы мусім ушаноўваць Дзень Волі на могілках. Адначасова зараз такі і сьвяточны настрой, і сумны. Але 25 сакавіка — галоўнае сьвята беларускай дзяржавы. У аснове сёньняшняй дзяржавы ляжаць тыя ідэі незалежнасьці, якія былі агучаныя прадстаўнікамі Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе»

Помнік дзеячу БНР, афіцэру і настаўніку Адаму Трыпусу на Трышынскіх могілках Берасьця ўсталявалі і асьвяцілі ў 2008 годзе. З таго часу ў дзень 25 сакавіка берасьцейскія дэмакратычныя актывісты штогод прыходзяць сюды ўскласьці кветкі і ўшанаваць яго памяць.

Сёлетняя акцыя адбылася без інцыдэнтаў і затрыманьняў, на могілках не было заўважана ні міліцыянтаў, ні людзей у цывільным, як у мінулыя гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?