Брытанскі рэжысёр Саманта Тэйлар-Вуд афіцыйна абвясціла аб тым, што не будзе ўдзельнічаць у здымках працягу фільма «Пяцьдзесят адценняў шэрага», які прынёс ёй славу.
AP
«Я не вяртаюся ў рэжысёрскае крэсла для стварэння сіквелаў, — паведаміла рэжысёр у заяве, распаўсюджанай у сераду. — Але я жадаю поспеху любому, хто возьме на сябе гэтак павабную адказнасць і створыць яшчэ дзве ці тры серыі».
Фільм «Пяцьдзесят адценняў шэрага» зрабіў сапраўдную сенсацыю ў многіх краінах. Ён выйшаў у пракат у лютым і прынёс яго стваральнікам 558,5 млн даляраў пры вытворчых выдатках у 40 млн даляраў.
Як паведамляюць кінематаграфічныя колы, галоўнай прычынай выхаду Саманты Тэйлар-Вуд з праекта сталі яе нацягнутыя адносіны з аўтаркай трылогіі «Пяцьдзесят адценняў шэрага» брытанскай пісьменніцай Э.Л.Джэймс. Апошняя пастаянна ўмешвалася ў здымкі і настойвала на больш адкрытых эратычных сцэнах.
Адначасова стала вядома, што сцэнарыст Кэлі Марсэл таксама адмовілася ад працы над працягам фільма. «У выніку, — адзначае штотыднёвік Hollywood Reporter, — прадзюсары аказаліся ў сітуацыі, калі ім прыйдзецца шукаць новы творчы калектыў».