Кітайская кампанія CITIC ConstructionCo. Ltd прадаставіць Украіне пазыку ў памеры $15 млрд на будаўніцтва даступнага жылля.

Мемарандум падпісалі ў чацвер у Кіеве упаўнаважаны кіраўніка Мінрэгіёна Украіны і ўпаўнаважаны CITIC ConstructionCo. Ltd, паведамілі ў Міністэрстве рэгіянальнага развіцця, будаўніцтва і ЖКГ.

Крэдыт даецца пад мінімальныя працэнты, тэрмінам на пятнаццаць гадоў з правам пралангацыі. У міністэрстве дадалі, што ва Украіне будзе рэалізаваны пілотны праект інвестыцыйным коштам да $1 млрд.

Кампанія CITIC будзе разглядацца як генеральны падрадчык — заказчык па рэалізацыі праектаў, Мінрэгіён будзе займацца падрыхтоўкай і рэалізацыяй праектаў.

Мемарандум прадугледжвае развіццё дзяржаўнай жыллёвай палітыкі, будаўніцтва даступнага жылля, фарміраванне фонду сацыяльнага жылля, разгортванне моладзевага жыллёвага будаўніцтва, крэдытаванне індывідуальных сельскіх забудоўшчыкаў, рэалізацыю інфраструктурных праектаў.

На сённяшні дзень у кватэрнай чарзе афіцыйна знаходзяцца больш за 800 тысяч украінскіх сем'яў. Для вырашэння гэтай праблемы цяперашнімі рынкавымі інструментамі дзяржаве трэба больш за 100 гадоў, канстатавалі ў Мінрэгіёне.

CITIC ConstructionCo. Ltd. — даччыная кампанія Кітайскай дзяржаўнай міжнароднай траставай інвестыцыйнай карпарацыі CITIC Limited. Кампанія мае паўнамоцтвы выконваць падрады на будаўнічыя праекты за межамі Кітая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?