Для правядзення рэформы сістэма адукацыі Беларусі павінна быць адкрытая свету, а беларускія студэнты і выкладчыкі — мець магчымасць ездзіць за мяжу на стажыроўкі і вучобу. Пакуль па ўзроўні інтэрнацыяналізацыі Беларусь не дасягнула нават паказчыкаў савецкіх часоў.
Хоць доля замежных студэнтаў пастаянна павялічваецца і дасягнула амаль 16 тысяч чалавек (каля 4% усіх студэнтаў), узровень мабільнасці беларускіх ВНУ не адпавядае нормам Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА), паказаў аналіз стану інтэрнацыяналізацыі вышэйшай адукацыі ў Беларусі.
Эксперт у сферы вышэйшай адукацыі Павел Церашковіч адзначае, што неадпаведнасць беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі базавым параметрах ЕПВА «негатыўна адбіваецца на развіцці самой адукацыі і эканомікі Беларусі»
- Дзяржаўная адукацыйная палітыка арыентаваная амаль выключна на павелічэнне колькасці замежных студэнтаў і не разглядае інтэрнацыяналізацыю ў якасці рэсурсу інавацыйнага развіцця, — лічыць эксперт. — Партнёрскія адносіны беларускіх ВНУ з замежнымі ўстановамі ў большай ступені носяць дэкларатыўны характар, арыентаваны пераважна на ўзнаўленне кантактаў у рамках былых рэспублік Савецкага Саюза.
Найбольш актыўна да нас едуць вучыцца з краін СНД, а таксама Туркменістана і Кітая.
У параўнанні з краінамі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі замежных студэнтаў у Беларусі няшмат. У Нідэрландах, Нарвегіі, Фінляндыі і Нідэрландах іх каля 14%, у Эстоніі - 9%, Чэхіі - 7%, Літве - 5%, Турцыі - 4%.
Сувязь паміж узроўнем акадэмічнай мабільнасці і якасцю адукацыі простая: краіны з высокай якасцю адукацыі прыцягваюць студэнтаў.
— У сваю чаргу, высокі ўзровень мабільнасці павялічвае канкурэнцыю і павышае попыт на высокую якасць адукацыйных паслуг, - адзначае сябра Грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў.
Замежных студэнтаў становіцца больш, але іх па-ранейшаму мала
Уладзімір Дунаеў звяртае ўвагу, што адносныя велічыні прысутнасці замежных студэнтаў у Беларусі не дацягваюць да паказчыкаў савецкіх часоў, калі ў краіне навучалася каля 10% замежных студэнтаў (з улікам вайскоўцаў - 18%). Паводле некаторых экспертных ацэнак, доля замежных студэнтаў даходзіла да 15%.
Дзеля справядлівасці адзначым, што ў 2009 годзе доля замежных студэнтаў у цэлым па краінах, якія ўваходзяць у Балонскі працэс, складала 10%.
Да 2020 года плануецца, што з тых, хто атрымае вышэйшую адукацыю, 20% пройдуць стажыроўку або будуць удзельнічаць у даследаваннях за мяжой. У абсалютных лічбах гэта выглядае так - у 2014-2015 навучальным годзе толькі ўдзельнікамі праграмы Erasmus стануць не менш за 5 млн чалавек.
Шмат у чым развіццё мабільнасці і інтэрнацыяналізацыі стрымлівае тое, што Беларусь не ўваходзіць у Балонскі працэс.
Каб паехаць на стажыроўку тэрмінам больш за 10 дзён, студэнт або выкладчык беларускай ВНУ павінен атрымаць дазвол Мінадукацыі.
Каментуючы гэты факт на сустрэчы з еўрапейскімі экспертамі 4 сакавіка, міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў сказаў:
- З часам ВНУ будуць самі вырашаць пытанні стажыровак. Пры гэтым мы хацелі б, каб стажыроўкі былі эфектыўнымі, не ператвараліся ў турызм. Неабходнасць браць дазвол павышае адказнасць і адпаведнасць мэтам стажыровак.
Недавер да студэнтаў і выкладчыкаў стварае ў сферы адукацыі атмасферу, якая не спрыяе развіццю акадэмічных свабодаў і паляпшэнню якасці адукацыі.
Як знайсці грошы на стажыроўкі?
Праблема развіцця мабільнасці ўпіраецца нават не ў ідэалагічныя пытанні, а ў недахоп фінансавання.
- На паездкі студэнтаў і выкладчыкаў у Беларусі папросту няма грошай, - адзначае Павел Церашковіч.
Сістэма стажыровак, ECTS-крэдытаў працуе ў Еўропе актыўна, у тым ліку і таму, што студэнты не аплачваюць сваё навучанне. Усе выдаткі на жыццё за мяжой пакрываюцца Еўрапейскім саюзам і almamater.
У Беларусі сродкі, якія выдзяляюцца дзяржавай на развіццё акадэмічных абменаў, мізэрныя і выдаткоўваюцца вельмі нерацыянальна, лічыць Павел Церашковіч.
- Вырашальнае значэнне ў развіцці гэтых працэсаў маюць замежныя праграмы (Еўрапейскага саюза, Швецыі), самастойная мабільнасць беларускіх выкладчыкаў і студэнтаў. Лакаматывамі інтэрнацыяналізацыі беларускай сістэмы вышэйшай школы з'яўляюцца праграмы Еўрапейскага саюза, Германіі, Швецыі і Польшчы, - кажа эксперт.
На яго думку, інтэрнацыяналізацыя развіваецца насуперак, а не дзякуючы дзяржаўнай адукацыйнай палітыцы. Заканамерным вынікам гэтага стала невыкананне прагнозных паказчыкаў па прыцягненні замежных студэнтаў.
- Да таго ж ёсць праблема ўзгаднення праграм і прызнання крэдытаў беларускіх і еўрапейскіх ВНУ. Праграма развіцця вышэйшай школы пакуль не прадугледжвае магчымасці мабільнасці, хоць у Кодэксе аб адукацыі студэнцкая мабільнасць згадваецца, - адзначае Павел Церашковіч.
Як рэфармаваць адукацыю, каб мабільнасць актывізавалася - з улікам таго, што ў бліжэйшы час багацей адукацыю ў Беларусі не стане?
Павел Церашковіч лічыць добрай ідэю аргкамітэта аб'яднання «Маладыя хрысціянскія дэмакраты» па стварэнні незалежнай нацыянальнай фонду падтрымкі студэнцкай мабільнасці. Гэта прапанова была выкладзена ў петыцыі ў Міністэрства адукацыі, Савет міністраў, Палату прадстаўнікоў і Адміністрацыю прэзідэнта.
Уладзімір Дунаеў адзначае: менавіта так робяць у большасці краін - арганізоўваюць фонды.
- Практыка стварэння падобных фондаў актыўна працуе ў сферы адукацыі. Сярод постсавецкіх краін яны ствараюцца ў Казахстане. У Бразіліі ёсць праграма прыкладна для 100 тысяч студэнтаў, якіх адпраўляюць за мяжу - у Кітай у асноўным. Падобная праграма ёсць і ў ЗША. Цалкам магчыма, што фонд дазволіў бы прыкладна 20% студэнтаў беларускіх ВНУ ўключыцца ў праграмы акадэмічнага абмену з універсітэтамі па ўсім свеце.
У любым выпадку, на думку Паўла Церашковіч, без акадэмічнага абмену проста немагчыма развівацца.
- Вышэйшая адукацыя з'яўляецца лакаматывам перамен. Калі не азнаёміцца з вопытам перадавых ВНУ, складана прасоўваць прагрэсіўныя ідэі тут, - рэзюмуе Павел Церашковіч.
Нагадаем, што рэформа сістэмы адукацыі абраная ў якасці аднаго з прыярытэтных напрамкаў у рамках праекта «Рэфорум».





