Сын запатрабаваў у састарэлай маці 50 тысяч рублёў, але тая адмовілася даць яму грошы. Тады ён, знаходзячыся ў доме, абліў маці бензінам з бутэлькі і паднёс запалку… Трагедыя адбылася ўвечары 27 сакавіка ў вёсцы Кажан-Гарадок.

Ахопленая агнём 83-гадовая жанчына выбегла на вуліцу, дзе крыкі пачуў сусед і хутка зрэагаваў на сітуацыю — ён накінуў на бабульку куртку, каб загасіць полымя, і крыкнуў жонцы, каб тая выклікала хуткую дапамогу. Падаспелая дачка пацярпелай патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла пра здарэнне. У момант прыбыцця праваахоўнікаў жанчына знаходзілася пры памяці і сама распавяла пра інцыдэнт.

Пацярпелую, якая атрымала апёкі каля 50% цела, даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне Лунінецкай ЦРБ.

Між тым, убачыўшы, што сабралася шмат людзей, 59-гадовы сын зачыніўся ў хляве. Праз некаторы час міліцыянты знайшлі яго павешаным.

Па расказах суседзяў, маці і сын жылі разам шмат гадоў. Ён па дакументах ажыццяўляў дагляд за маці як сацработнік. Але на самой справе яна даглядала за сынам, які злоўжываў алкаголем, вёў амаральны лад жыцця: утрымлівала ў парадку дом, карміла… Вядома таксама, што ў мужчыны раней былі спробы здзяйснення суіцыду. Ён увесь час патрабаваў у маці грошай на выпіўку, пагражаў ёй. У рэшце рэшт пагрозы ўвасобіліся ў рэальнасць.

Пажылая жанчына знаходзіцца ў цяжкім стане ў рэанімацыі.

Лунінецкім райаддзелам Следчага камітэта распачатая крымінальная справа па гэтым факце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?